Сёлета Вялікі аркестр каляднай дабрачыннасці збірае сродкі на набыццё абсталявання для дыягностыкі і тэрапіі ў пульманалагічных аддзяленнях. У эфіры Польскага радыё дзіцячы кардыяхірург і сузаснавальнік Вялікага аркестру каляднай дабрачыннасці прафесар Богдан Марушэўскі падкрэсліў, што патрэбы польскіх шпіталяў вельмі вялікія, калі гаворка ідзе пра барацьбу з хваробамі лёгкіх.
Ён адзначыў, што цяпер многія палякі змагаюцца з ускладненнямі пасля Covid-19, а рэспіраторныя захворванні з-за забруджання паветра закранаюць усё больш дзяцей. Таму мэта нядзельнага фіналу дабрачыннай акцыі – «Лёгкія пасля пандэміі».
«Гэты фінал падрыхтаваны спецыялістамі, самымі выдатнымі пульманолагамі. Гэта тычыцца 49 пульманалагічных аддзяленняў дарослых і 15 дзіцячых», – сказаў прафесар Марушэўскі.
Ён распавёў, што пры набыцці абсталявання за сабраныя сродкі дзейнічаюць жорсткія і строгія правілы. Апараты, якія закупляюцца фондамі, павінны быць якаснымі і абслугоўваць як мага больш пацыентаў.
«Мы ведаем, што гэта будзе самая сучасная дыягнастычная апаратура. Магнітна-рэзанансная тамаграфія, ультрагукавыя сканеры. Будзе і эндаскапічная дыягностыка. Нарэшце, закупім апаратуру для ацэнкі функцыі лёгкіх, спірометры. Таксама вялікі попыт на апараты для рэспіраторнай фізіятэрапіі».
У бліжэйшую нядзелю адбудзецца 32-гі фінал Вялікага аркестра каляднай дабрачыннасці. Аркестр таксама ўвесь час «грае» у інтэрнэце, дзе можна ўдзельнічаць у аўкцыёнах, зладжаных дзеля падтрымкі акцыі.
IAR/нг