Беларуская Служба

Умацаванне пазіцыі жанчын у польскім спорце з’яўляецца адной з ключавых задачаў міністра спорту

25.07.2024 17:56
Кіраўнік міністэрства сцвярджае, што неабходныя сістэмныя і ментальныя змены ў гэтай сферы.
Славамір НітрасPAP/Paweł Supernak

Умацаванне пазіцыі жанчын у польскім спорце з’яўляецца адной з ключавых задачаў міністра спорту Славаміра Нітраса ў бліжэйшыя месяцы. Кіраўнік міністэрства сцвярджае, што неабходныя сістэмныя і ментальныя змены ў гэтай сферы.

Згодна з падрыхтаваным праектам змяненняў у закон, жанчыны павінны складаць 30% кіруючых Радаў спартыўных саюзаў, якія павінны складацца не менш чым з шасці чалавек. Як тлумачыць Славамір Нітрас, гэта цалкам натуральнае рашэнне. «Калі жанчыны займаюцца спортам, заваёўваюць медалі, складаюць 50%, а то і больш, як у выпадку з польскай зборнай на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, нацыянальных каманд, то я не бачу прычын, чаму ў Радах павінны быць адныя мужчыны. Гэта павінна адлюстроўваць рэальную структуру. Таму што жаночы спорт мае сваю спецыфіку і жанчыны маюць розныя патрэбы», – сказаў міністр Нітрас.

Палажэнне таксама прадугледжвае большую падтрымку цяжарных спартсменак і спартсменак пасля родаў. Спартыўная стыпендыя будзе выплачвацца спартсменкам на працягу аднаго года з моманту нараджэння дзіцяці. «Мы ні ў якім разе не ставім гэту льготу ў залежнасць ад вяртання да трэніровак. Таму што жанчына павінна вырашаць, калі яна гатовая і можа зноў прыступіць да трэніровак. Аднак пачатак трэніровак не можа азначаць страты льготы», – падкрэсліў міністр спорту.

Праект ужо ўзгоднены ва ўрадзе. Ён будзе абмяркоўвацца на працягу некалькіх тыдняў. Плануемы тэрмін уступлення закона ў сілу – 1 студзеня 2025 года.

ав