Беларуская Служба

Інстытут нацыянальнай памяці падрыхтаваў выставу, прысвечаную жанчынам у Варшаўскім паўстанні

26.07.2024 12:03
На выставе паказаная гісторыя 22 жанчыны, якія ўдзельнічалі ў падполлі падчас Другой сусветнай вайны і ваявалі ў Варшаўскім паўстанні.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Rafał Guz

Некалькі дзён перад 80-й гадавінай пачатку Варшаўскага паўстання адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай жанчынам-удзельніцам паўстання. Выстава «Героі сярод герояў», падрыхтаваная Варшаўскім аддзяленнем Інстытута нацыянальнай памяці, даступная з пятніцы 26 ліпеня на плошчы Гувера ў польскай сталіцы.

Адна з аўтараў выставы Магдалена Парэмба тлумачыць, што на выставе паказаная гісторыя 22 жанчыны, якія ўдзельнічалі ў падполлі падчас Другой сусветнай вайны і ваявалі ў Варшаўскім паўстанні. «Мы засяроджваемся на жанчынах, якія ваявалі ў Варшаўскім паўстанні, але яны таксама былі актыўныя ў большым маштабе да выбуху паўстання. Яны дзейнічалі ў дыверсійных атрадах, у Бюро прапаганды і пры сабатажы. Жанчыны былі сапёрамі ды адказвала за шматлікія дыверсіі і сабатажныя акцыі ў Германіі з пачатку 1940 года, таму дзейнасць гэтых жанчын мела значна большы маштаб, чым барацьба ў паўстанні», — кажа арганізатарка.

Магдалена Парэмба дадае, што на выставе можна будзе пабачыць гераінь канспірацыі не толькі ва ўніформе. «Гэта фотаздымкі з маладосці гэтых жанчын, калі яны мелі па 20 гадоў, часцей за ўсё ў старадаўніх касцюмах, з макіяжам, прычоскамі таго перыяду, якія адлюстроўваюць атмасферу 20-30-х гадоў. У нас ёсць некалькі фотаздымкаў, на якіх нашы гераіні выставы ў мундзірах. Апроч фотаздымкаў, ёсць кароткія біяграфіі, якія змяшчаюць найбольш важныя звесткі аб дзейнасці дадзенай гераіні ў паўстанні», — дадала аўтарка.

Больш за 12 000 жанчын прынялі ўдзел у Варшаўскім паўстанні - гэта прыкладна 20 працэнтаў усіх удзельнікаў баявых дзеянняў. Жанчыны ваявалі на перадавой, былі санітаркамі, сувязнымі, гатавалі ежу. Падчас баёў загінула або было забіта немцамі 700-800 медсясцёр. Загінулі больш за 300 сувязістак - у тым ліку і тыя, што пракладалі маршруты праз каналізацыйныя каналы.

ПР/юл