Беларуская Служба

Лекар ужо не зможа спасылацца на свае погляды, адмаўляючыся выконваць аборт 

30.08.2024 09:54
Згодна са зменамі ў законе аб абортах у Польшчы ад 2021 года, перапыненне цяжарнасці з'яўляецца законным толькі ў двух выпадках.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Mirko Tabasevic/Shutterstock

Сёння Міністэрства аховы здароўя апублікуе рэкамендацыі для лекараў па абортах, пацвердзіў журналістам Польскага радыё (інфармацыйнага агенцтва ПР – IAR) намеснік кіраўніка ведамства Войцех Канечны (Wojciech Konieczny).

Ён адзначыў, што рэкамендацыі падрыхтаваныя з мэтаю ўдасканаліць выкананне дзейснага заканадаўства. Аборт магчымы толькі пры акрэсленых умовах, «што патрабуе рэакцыі лекараў у пэўных сітуацыях, і ў гэтым выпадку ўрачам нельга спасылацца на асабістыя погляды», – сказаў намеснік міністра. Ён таксама падкрэсліў, што калі жыццё і здароўе пацыента знаходзяцца пад пагрозай, «урач абавязаны дзейнічаць, калі сітуацыя пагражае жыццю або здароўю чалавека, і не ставіць гэта ў залежнасць ад сваіх поглядаў», – сказаў намеснік кіраўніка Міністэрства аховы здароўя.

Згодна са зменамі ў законе аб абортах у Польшчы ад 2021 года, перапыненне цяжарнасці з'яўляецца законным толькі ў двух выпадках: калі цяжарнасць зʼяўляецца вынікам сексуальнай агрэсіі або інцэсту або калі цяжарнасць непасрэдна пагражае жыццю або здароўю маці.

Міністр аховы здароўя ўжо ўнёс змены ў агульныя ўмовы дагавораў, якія бальніцы заключаюць з Нацыянальным фондам здароўя. Калі ўстанова, якая заключыла дагавор з фондам, не праводзіць законнае перапыненне цяжарнасці, яна можа заплаціць штраф або страціць дагавор.

Метадычныя рэкамендацыі плануецца апублікаваць на сайце міністэрства.

IAR/нг