Беларуская Служба

Польскі Люблін будзе Еўрапейскай сталіцай культуры

25.09.2024 18:57
Да гэтага часу два польскія гарады былі Культурнымі сталіцамі Еўропы: Кракаў у 2000 годзе і Уроцлаў у 2016-м.
Панарама Любліна Shutterstock/ArtMediaFactory

У 2029 годзе Люблін будзе Еўрапейскай сталіцай культуры. У Варшаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў аб’явілі вынікі конкурсу на гэтае званне. Акрамя Любліна, у конкурсе прымалі ўдзел кандыдатуры польскіх гарадоў Катавіцы, Бельска-Бяла і Калобжэг.

Гаворыць упаўнаважаная мэра Любліна па пытаннях кандыдатуры горада да звання Еўрапейскай сталіцы культуры Катажына Дума

- Я ганаруся працай цэлай нашай каманды! Гэта быў час інтэнсіўнай працы, але мы справіліся. Інтэнсіўны час за намі, але таксама і перад намі. У падрыхтоўку падключыўся цэлы горад: асяроддзе культуры, недзяржаўныя арганізацыі, службоўцы, бізнес, ВНУ. Цэлы горад трымаў за нас кулачкі! І нам удалося! 

Культурная сталіца Еўропы - ініцыятыва Еўрасаюза па штогадовым абранні нейкага горада цэнтрам культурнага жыцця кантынента для прыцягнення ўвагі да яго культурнага развіцця. 

Звычайна дадатковае фінансаванне, атрыманае ў сувязі з абраннем культурнай сталіцай, дазваляе гораду значна абнавіць стан культурных устаноў. Напрыклад, у партугальскім Порту пад эгідай культурнай сталіцы быў пабудаваны знакаміты Дом музыкі. 

Першай культурнай сталіцай Еўропы ў 1985 годзе Рада Еўрапейскага саюза абрала Афіны. У канцы 1990-х гадоў аналагічныя еўрапейскаму праекты - Арабская сталіца культуры і Культурная сталіца Амерыкі - запушчаныя і ў іншых частках свету. 

Да гэтага часу два польскія гарады былі Культурнымі сталіцамі Еўропы: Кракаў у 2000 годзе і Уроцлаў у 2016-м.

вс