Беларуская Служба

Раённы суд Познані адмовіў у экстрадыцыі беларускага актывіста на запыт Беларусі

28.11.2024 17:16
Раённы суд Познані 28 лістапада падтрымаў рашэнне польскай пракуратуры аб невыкананні запыту Беларусі на экстрадыцыю беларускага актывіста з Чавусаў Дзмітрыя Плескачова.
 .
Дзмітрый Плескачоў.Фота з прыватнага архіву.

 Пра гэта Дзмітрый распавёў «Медыязоне».

«Справа яшчэ не скончана. Апошняе слова застаецца за міністрам юстыцыі. Адвакат кажа, што гэта фармальнасць і ён не пойдзе супраць рашэння суда», — сказаў Дзмітрый Плескачоў.

Пра тое, што актывіста выклікаюць у польскую пракуратуру, бо Беларусь даслала запыт на яго экстрадыцыю, стала вядома ў сярэдзіне кастрычніка.

18 кастрычніка Плескачоў забраў з пошты ліст ад Акруговай пракуратуры Познані аб тым, што 24 кастрычніка яго выклікаюць у ведамства «ў якасці падазраванага ва ўчыненні злачынстваў 130, 293, 342 і іншых Крымінальнага кодэкса Беларусі» і што Беларусь падала запыт на яго экстрадыцыю.

Пасля таго, як Плескачоў схадзіў у пракуратуру, ведамства адправіла ў суд паперы аб недапушчэнні экстрадыцыі актывіста ў Беларусь. Менавіта такая фармулёўка прапісана ў позве актывіста ў суд, якая ёсць у распараджэнні «Медыязоны». Сёння суд падтрымаў рашэнне пракуратуры.

Незадоўга да здарэння актывісту прыйшло паведамленне ў WhatsApp — ліст ад МУС з прапановай звярнуцца ў «камісію па вяртанні». У ім пазначана, што актывісту ставяць у віну не толькі тыя тры артыкулы, якія пералічаныя ў позве польскай пракуратуры, але і яшчэ пяць.

Зміцер Плескачоў з'ехаў з Беларусі ў верасні 2020 года і больш не вяртаўся ў краіну. У тэлеграме ён адмініструе канал «97% Chausy», які даступны і цяпер. Крымінальную справу супраць Плескачова ў Беларусі распачалі ў 2021 годзе, а ў 2022-м актывіста ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».

Польшча надала Дзмітрыю статус дадатковай абароны.

вх