У рамках акцыі «Szlachetna paczka» прэзідэнт Анджэй Дуда і першая лэдзі Агата Корнхаўзер-Дуда падрыхтавалі падарункі для сям'і з сямі чалавек з Ніжняй Сілезіі, паведаміла ў суботу Канцылярыя прэзідэнта Рэспублікі Польшча.
Сёлета прэзідэнцкая пара падрыхтавала пакет для сям'і з сямі чалавек з пяццю дзецьмі, трое з якіх змагаюцца з цяжкімі захворваннямі, якія патрабуюць пастаяннага догляду і рэабілітацыі. Для сям'і, сярод іншага, былі набыты: мэбля, спецыяльнае харчаванне, сродкі гігіены, адзенне, школьныя прыналежнасці, цацкі і гульні.
Сёння пачаўся фінал акцыі «Szlachetna paczka», падчас якога валанцёры развозяць падарункі патрабуючым. Сярод бенефіцыяраў гэтага года – пацярпелыя ад паводкі.
«Szlachetna paczka» — гэта не толькі матэрыяльная дапамога, але і падтрымка ў выглядзе, напрыклад, фінансавання прафесійнага навучання. Напрыклад, спадар Караль з інтэлектуальнай недастатковасцю, які пасля смерці бабулі вучыцца жыць самастойна, атрымае аўтаматычны кацёл, паколькі распаліць печ было для яго занадта цяжкай задачай. У сваю чаргу спадарыня Анэта атрымае курс фларысты, што дазволіць ёй павысіць сваю прафесійную кваліфікацыю, тым самым зняўшы цяжар з мужа, адзінага карміцеля ў шматдзетнай сям’і.
Летась дапамогу атрымалі 17 тысяч сем’яў, а кошт гэтай дапамогі быў рэкордным і склаў амаль 74 мільёны злотых. Больш за 60% атрымальнікаў - гэта былі людзі з абмежаванымі магчымасцямі або хворыя.