Беларуская Служба

Германія перакінула свае знішчальнікі ў Польшчу

06.12.2025 18:47
Нямецкія самалёты дыслакуюцца недалёка ад мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі.
Eurofighter Typhoon jet
Eurofighter Typhoon jetPhoto: X/@Team_Luftwaffe

З суботы 6 снежня пяць нямецкіх знішчальнікаў Eurofighter Typhoon пачалі баявое дзяжурства ў Польшчы. Нямецкія самалёты дыслакуюцца на 22-й базе тактычнай авіяцыі ў горадзе Мальбарк (паўночна-ўсходняя Польшча), недалёка ад мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі, у рамках місіі НАТА. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Міністр абароны зазначыў у сацсетках, што прысутнасць знішчальнікаў «ўмацоўвае ўсходні фланг Альянсу». Ён дадаў, што «супрацоўніцтва, актыўнасць і паслядоўнае развіццё ўзаемадзеяння – гэта наш саюзніцкі адказ на пагрозы».

Знішчальнікі перакінутыя ў Польшчу з авіябазы Норвеніх у Паўночным Рэйне-Вестфаліі. Крок Германіі – гэта рэакцыя на парушэнні паветранай прасторы НАТА расійскімі самалётамі і беспілотнікамі.

На базе ў Мальбарку будуць несці службу 150 салдат і афіцэраў Бундэсвера – пілоты і тэхнічны персанал. Плануецца, што нямецкія знішчальнікі застануцца на польскай базе да сакавіка 2026 года.

вс