Дэпутаты ад правай партыі «Права і справядлівасць» патрабуюць тлумачэнняў у сувязі з учарашнім рашэннем міністра культуры і нацыянальнай спадчыны паставіць у стан расфармавання грамадскія СМІ, то бок Польскае тэлебачанне, Польскае радыё і Польскае агенцтва друку. З гэтай мэтай група палітыкаў ад ПіС прыйшла ў сядзібу Польскага радыё і размаўляла, з прызначаным новым урадам, кіраўніком радыёстанцыі Паўлам Майхерам.
Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Бартламей Сянкевіч напісаў у заяве, што «ў цяперашняй сітуацыі такія дзеянні дазволяць забяспечыць працяг дзейнасці гэтых кампаній, правесці неабходную рэструктурызацыю і прадухіліць звальненні супрацоўнікаў.
Кіраўнік клубу ПіС Марыюш Блашчак пытаўся, між іншым, пра фінансавы стан Польскага радыё і падставы для таго, каб паставіць грамадскія СМІ ў стан расфармавання.
- Гэта надзвычай важна, таму што Польскае радыё – гэта ўстанова, якой у 2025 годзе споўніцца сто гадоў, і мы непакоімся, ці дажыве Польскае радыё да свайго сотага юбілею працы.
У сваю чаргу Павел Майхер запэўніў дэпутатаў, што ён гатовы да супрацоўніцтва:
- Усе рашэнні, якія павінны прымацца, будуць прымацца ў адпаведнасці з законам. Я Вам пра іх паведамлю, таксама ў будучыні, калі Вы прыйдзеце з дэпутацкай інспекцыяй. Мы (кіраўніцтва радыёстанцыі –рэд.) цалкам празрыстыя і гатовыя размаўляць.
Учора ўвечары Павел Майхер запэўніў супрацоўнікаў радыёстанцыі, што рашэнне аб расфармаванні «нічога не мяняе з пункту гледжання паўсядзённай працы радыё».
IAR/аз