Еўракамісар па пытаннях юстыцыі Дыдзье Рэйндэрс сустрэўся ў Варшаве з дэпутатамі і сенатарамі, а таксама з кіраўнікамі МЗС і Мінюста. Рэйндэрс размаўляў з польскімі ўладамі пра тое, якія змены ў закон трэба ўнесці, каб аднавіць вяршэнства права, разблакіраваць фонды Еўрасаюза для Польшчы і спыніць працэс, звязаны з сёмым артыкулам.
«Мы бачым, што новы ўрад поўны рашучасці аднавіць вяршэнства закона ў Польшчы», – сказаў у Варшаве еўракамісар па пытаннях юстыцыі. Дыдзье Рэйндэрс сказаў, што задаволены кірункам, які ўзялі польскія ўлады.
«Я перакананы, што Польшча можа цалкам аднавіць сваю пазіцыю як краіны, якая паважае вяршэнства права і падтрымлівае Еўрапейскі саюз як адну з яго найбуйнейшых краін-членаў, пры падтрымцы ўсіх прадстаўнікоў польскіх уладаў», – падкрэсліў еўракамісар.
Дыдзье Рэйндэрс таксама адказаў на пытанне, ці будзе прыпыненая выплата сродкаў ЕС, калі прэзідэнт Дуда накладзе вета на падрыхтаваныя ўрадам рэформы.
«Цяпер мы чакаем аднаўлення гэтага працэсу і ўнясення наступных законапраектаў у парламент. Мы спадзяемся, што іх падтрымаюць усе прадстаўнікі ўлады, у тым ліку прэзідэнт, каб аднавіць вяршэнства закона ў Польшчы. Калі гэтага не адбудзецца – паглядзім», – адказаў Дыдзье Рэйндэрс.
Польшча ўзяла на сябе абавязацельства правесці больш за 100 рэформаў і рэалізаваць амаль 200 інвестыцый, каб атрымаць сродкі ЕС з Нацыянальнага плана рэканструкцыі. Найважнейшыя змены тычацца дэпалітызацыі сістэмы правасуддзя. Час для ажыццяўлення інвестыцый заканчваецца ў 2026 г.
Неафіцыйна вядома, што Еўракамісія заяўляе пра «разуменне» да Польшчы, калі рэформы зацягнуцца з-за канфлікту паміж урадам і прэзідэнтам. Такім чынам, грошы з праграм ЕС могуць паступаць у Польшчу, нават калі не будзе ўнесена ніякіх канкрэтных зменаў у заканадаўстве – ключавым тут з'яўляецца «стаўленне ўрада ў Польшчы» і «абраны кірунак палітыкі» ў такіх сферах, як судовая сістэма і свабода слова.
Працэдура паводле сёмага артыкула дагавораў ЕС была запушчана для Польшчы ў 2017 годзе. Гэты артыкул дазваляе прыпыняць некаторыя правы члена Саюза, калі існуе сурʼёзная рызыка парушэння вяршэнства права.
яс