На Падляшшы сёння адбываецца сельскагаспадарчы пікнік, на якім у галоўнай ролі выступаюць трактары. І таму яго назвалі «Трактарыяда». Госці могуць убачыць як самыя сучасныя і магутныя трактары, так і старую тэхніку, напрыклад, трактары Ursus, якія выпускалі на Варшаўскім трактарным заводзе да 2003 года.
Пікнік праходзіць у Радзілаве на рынку, дзе ўвесь дзень адбываюцца выступы на сцэне. Трактарысты ўдзельнічаюць у спецыяльным рэйдзе. Гаворыць войт гміны Радзілаў Кшыштаф Мілеўскі (Krzysztof Milewski).
- Гэта падсумаванне нашай працы ў вёсцы. Цяпер жніво ўжо закончылася, яно было ў жніўні. А «Трактарыяда» – гэта вясковы рэйд, на трасе ёсць загадкі, якія датычаць і гісторыі гміны Радзілаў, і тэм, звязаных з сельскай гаспадаркай.
Гледачы могуць паглядзець не толькі выставу сельскагаспадарчай тэхнікі, але і паказы службовых сабак ды правесці час на сямейным пікніку.
IAR/нг