Кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці сцвярджае, што Польшча не адказала на просьбу вызначыць месцы, дзе трэба шукаць парэшткі польскіх ахвяраў.
На гэтым тыдні пасля сустрэчы на ўзроўні міністраў замежных справаў Польшчы і Украіны было абвешчана, што ўкраінскі бок не мае перашкодаў для правядзення пошукава-эксгумацыйных работ на сваёй тэрыторыі.
Інстытут нацыянальнай памяці з 2017 года робіць заяўкі наконт магчымасці пачаць пошукавыя і эксгумацыйныя работы ва Украіне. І скіроўвае іх не ва Украінскі інстытут нацыянальнай памяці, які не з'яўляецца адпаведнікам польскага IPN, у іх няма такой сілы прыняцця рашэнняў аб выдачы дазволаў на пошукавыя і эксгумацыйныя работы. Мы адпраўляем нашыя заявы ў міжурадавую камісію, якая і выдае адпаведныя дазволы, а таксама да міністра культуры Украіны, — заявіў прадстаўнік IPN Рафал Ляшкевіч у інтэрв'ю Польскаму радыё.
Рафал Ляшкевіч дадаў, што ў заявах, накіраваных у адпаведныя ўкраінскія ўстановы, было пазначана агулам 65 канкрэтных месцаў, дзе польскія спецыялісты хацелі б распачаць пошукавыя работы.
Пры гэтым Рафал Ляшкевіч дадаў, што рыхтуецца адказ на ліст Антона Драбовіча, які паступіў у Інстытут нацыянальнай памяці ў канцы верасня.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы звяртаўся па дазвол на пошукі ў месцах, дзе пахаваныя не толькі ахвяры Валынскага масавага забойства, але таксама жаўнеры, якія загінулі ў 1939 годзе ў баях з Чырвонай Арміяй, ці былі забітыя супрацоўнікамі НКВД у Херсоне і Харкаве ў рамках Катынскага расстрэлу вясной 1940 года.
Падчас Другой сусветнай вайны ўкраінскія нацыяналісты забілі каля 100 000 палякаў на Валыні і ўсходняй Малапольшчы. Большасць з іх дагэтуль ляжаць у безназоўных пахаваннях, раскіданых па тэрыторыі цяперашняй Заходняй Украіны.
Спрэчка, у выніку якой украінскія ўлады забаранілі пошук і эксгумацыю, узнікла пасля дэмантажу помніка УПА ў Грушовіцах у красавіку 2017 года.
IAR/вх