Беларуская Служба

У Польшчы працуюць над законам «Аб абароне дзяцей ад доступу да парнаграфіі»

14.12.2024 08:11
Правайдэры парнаграфічных сайтаў будуць адказваць за праверку ўзросту карыстальнікаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Engin_Akyurt /pixabay.com/CC0 Public Domain

 Намеснік міністра лічбавання Міхал Граматыка прадставіў асновы закона аб абароне дзяцей ад доступу да шкоднага кантэнту ў інтэрнэце.

Падчас Кангрэсу нацыянальнай адукацыйнай сеткі ў Кракаве ён сказаў, што тэхналагічнае рашэнне павінен будзе даць уладальнік дадзенага сэрвісу: «Нас не вельмі цікавіць, якая гэта будзе тэхналогія. Нас цікавіць толькі той факт, каб гэтая тэхналогія была эфектыўная, гэта будзе першая перашкода, якая аддзяляе дзяцей ад таго, што для іх проста дрэнна», — сказаў ён.

Аднак гэта не будуць біяметрычныя тэхналогіі, таму што яны ўтрымліваюць канфідэнцыяльныя дадзеныя. Згодна з прапановамі ў законе, старшыня Упраўлення электронных камунікацый будзе мець інструмент, які дазволіць блакаваць дамены, якія не ўводзяць адпаведныя інструменты праверкі ўзросту.

Праект закона, дадаў намеснік міністра, выкарыстоўвае англасаксонскія ўзоры. Ён выказаў надзею, што законапраект будзе прыняты ў першай палове наступнага года.

Над актам працавала створаная Міністэрствам лічбавых тэхналогій рабочая група. Паводле даследаванняў, сярэдні ўзрост, у якім дзеці ўпершыню ўбачылі парнаграфічны кантэнт, складае крыху менш за 11 гадоў. Бацькі большасці апытаных не сочаць за тым, ці праглядаюць іх дзеці парнаграфічны кантэнт у інтэрнэце. Такі адказ далі 59,9% апытаных падлеткаў.

ав