Беларуская Служба

Еўрасаюз застаецца без новага кіраўніцтва

18.06.2024 15:12
На саміце ЕС не ўдалося дасягнуць паразумення па гэтым пытанні, чарговая магчымасць дамовіцца будзе праз 10 дзён.
Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль выступае з заявай напрыканцы нефармальнай сустрэчы Еўрапейскай рады ў БруселіEPA/OLIVIER HOSLET Dostawca: PAP/EPA.

Няма згоды на саміце ЕС у Брусэлі па найважнейшых пазіцыях. Лідары ​​27-мі, насуперак чаканням, не дамовіліся аб тым, хто ўзначаліць Еўракамісію, Еўрапейскую раду і дыпламатыю ЕС. Урсула фон дэр Ляен па-ранейшаму застаецца моцным кандыдатам на другі тэрмін на пасадзе старшыні камісіі, паведаміла карэспандэнту Польскага радыё ў Брусэлі Бэаце Пломецкай высокапастаўленая асоба, якая была ў залі пасяджэнняў. 

Зусім нечакана ўзніклі разыходжанні ў меркаваннях адносна таго, як доўга левацэнтрысцкі кандыдат павінен заставацца старшынём Еўрапейскай рады. Тэрмін паўнамоцтваў, згодна з дагаворамі, складае 2,5 года, але пакуль ён аўтаматычна падаўжаўся яшчэ на год. У Еўрапейскай народнай партыі заявілі, што такога аўтаматызму больш не будзе і што яны забяруць гэтую пасаду праз 2,5 гады. «Замест таго, каб супакоіць сацыялістаў, яны іх раздражнілі. Ніякай згоды тут быць не можа», - пракаментаваў чыноўнік.

Нягледзячы на адсутнасць згоды, не з'явіліся новыя кандыдаты. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен застаецца моцным кандыдатам на другі тэрмін. «Яна не папулярная, але зарэкамендавала сябе. Еўрапейская народная партыя перамагла на выбарах і мае права заняць найвышэйшую пасаду ў камісіі», — дадаў суразмоўца карэспандэнткі Польскага радыё Бэаты Пломэцкай. Ён прызнаў, што прапанова Каі Калас стаць кіраўніцай дыпламатыі ЕС не для ўсіх прымальная. Прэм'ер-міністр Эстоніі належыць да групы ястрабаў у адносінах да Расіі. У сваю чаргу ўзніклі сумневы што да кандыдата ад левацэнтрыстаў, былога прэм'ер-міністра Партугаліі Антоніу Кошты  з-за карупцыйнага скандалу, у які быў уцягнуты яго супрацоўнік.

Адзін з дыпламатаў ЕС паведаміў, што прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні таксама выказала незадаволенасць тым, што яна не ўдзельнічае ў закулісных перамовах аб падзеле пасад.

Пасля саміту кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль выказаў спадзяванне на пагадненне на наступным тыдні. «Гэта была добрая дыскусія, якая, на мой погляд, ішла ў правільным кірунку. Але дамоўленасці на дадзеным этапе пакуль няма. Палітычныя партыі прадставілі свае прапановы, і мы будзем працаваць у бліжэйшыя дні, каб падрыхтаваць рашэнне для зацвярджэння», — сказаў Шарль Мішэль.

ПР/юл