Беларуская Служба

Святло - гэта першае, што прыцягвае ўвагу ў адноўленым інтэр'еры Нотр-Дама

29.11.2024 16:39
Французскае тэлебачанне ўпершыню паказала, як храм выглядае унутры пасля вялікага пажару ў 2019 годзе.
C -
Cабор Нотр-Дам дэ Пары ў ПарыжыPAP/EPA/CHRISTOPHE PETIT TESSON / POOL

Інтэр'ер сабора Нотр-Дам адноўлены пасля пажару. Французскае тэлебачанне ўпершыню паказала, як храм выглядае унутры пасля вялікага пажару ў 2019 годзе. Камеры ўвайшлі ў Нотр-Дам падчас апошняга візіту прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона перад афіцыйным адкрыццём царквы.

Святло - гэта першае, што прыцягвае ўвагу ў адноўленым інтэр'еры Нотр-Дама. Вычышчаныя ад сажы і адбудаваныя сцены зіхацяць невядомым раней бляскам, зусім адрозным ад цемры, якая панавала ў гатычным храме да пажару. Прэзідэнт Францыі паведаміў, што сабор адначасова рамантавалі, пераасэнсоўвалі і перабудоўвалі. «Дзякуючы гэтаму светламу каменю стала значна прыязней», — дадаў ён.

Падчас прэзідэнцкага візіту, сярод іншага, былі прадстаўлены рэканструяваныя скляпенне над паўночнай часткай храма, адрэстаўраваныя алтар і бакавыя капліцы з адноўленымі роспісамі, новая сакральная мэбля.

«Ніколі не забывайце, што вы ўдзельнічалі ў найвялікшым будаўніцтве стагоддзя», — сказаў прэзідэнт майстрам і буйным ахвярадаўцам рэканструкцыі, якія сабраліся ў галоўным нефе Нотр-Дам.

Афіцыйнае адкрыццё сабора адбудзецца 7 снежня, а днём пазней у ім адбудзецца першая за пяць гадоў імша.

ав