Урад Літвы ўхваліў папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўзмацняюць жорсткасць пакарання за дастаўку кантрабанды, калі яна нясе пагрозу грамадскай бяспецы. Пасля таго, як кабінет міністраў ухваліць праект, падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў (МУС), ён будзе накіраваны ў Сейм, паведамляе «Свабода».
Паводле LRT, дэпутатам прапануюць разгледзець папраўкі ў парадку асаблівай тэрміновасці, бо справа на фоне прылёту аэрастатаў з Беларусі набыла вялікую грамадскую значнасць.
«Гэтыя папраўкі падрыхтаваныя ў адказ на пагрозы нацыянальнай бяспецы, звязаныя з нядаўняй актывізацыяй кантрабанды з дапамогай метэазондаў(…) Дзейныя санкцыі за кантрабанду ацэньваюцца як неэфектыўныя», – сказаў міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
Паводле запіскі да праекту, цяпер кантрабандысцкімі паветранымі шарамі звычайна перавозіцца каля 1,5 тыс. пачак цыгарэт ці іншых тавараў падобнага памеру, кошт якіх складае каля 6 тыс. еўра. Між тым, кантрабанда такога кошту не прыводзіць да крымінальнай адказнасці, можа пагражаць толькі адміністрацыйны штраф, памер якога можа дасягаць 6 тыс. еўра.
Прапануецца ўзмацніць жорсткасць крымінальнай адказнасці за кантрабанду любым спосабам: па паветры, па вадзе, аўтамабілямі, – калі яна пацягнула за сабой небяспеку для жыцця або здароўя чалавека, прадпрыемства, важнага для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, парушыла бяспечны рух транспарту або груба парушыла грамадскі парадак.
За кантрабанду тавараў, якія падлягаюць абкладанню мытнай пошлінай, акцызных тавараў, у тым ліку цыгарэтаў, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 4 да 8 гадоў. Аналагічнае пакаранне прадугледжанае за кантрабанду ядзерных, радыеактыўных, наркатычных, атрутных, хімічных, біялагічных рэчываў, мікраарганізмаў, таксінаў.
Пры гэтым за кантрабанду зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў прапануецца судзіць на тэрмін ад 6 да 10 гадоў, наркатычнай сыравіны (прэкурсораў) – ад 4 да 12, допінгу – ад 2 да 6 гадоў.
Папраўкі ў Літве падрыхтавалі пасля таго, як на працягу апошняга месяца палёты паветраных шароў з Беларусі, што неслі кантрабанду, парушалі працу аэрапортаў Вільні і Коўна. Гэтыя здарэнні прывялі да рашэння ўраду закрыць мяжу з Беларуссю на месяц – да 30 лістапада.
аз