Беларуская Служба

ЕЗ адхіліў ядзерныя пагрозы Уладзіміра Пуціна

26.09.2024 18:21
Надоечы Уладзімір Пуцін публічна правёў пасяджэнне пастаяннай нарады Савета бяспекі РФ па ядзерным стрымліванні і распавёў пра змены ў ядзернай дактрыне Расіі. 
Ілюстрацыя Фота: skyNext/shutterstock

«Працягам вельмі безадказных і непрымальных паводзін» з боку Уладзіміра Пуціна назвалі ў Еўрапейскім Звязе заяву прэзідэнта РФ аб змене ядзернай дактрыны.

«Пуцін ужо не першы раз вядзе азартную гульню са сваім ядзерным арсеналам», - заявіў афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕЗ Петэр Стана на брыфінгу ў Бруселі ў чацвер, 26 верасня. Паводле яго, кіраўнік РФ паказаў усяму свету сваю сапраўдную сутнасць, на гэты раз падчас Генеральнай Асамблеі ААН на вышэйшым узроўні, прадэманстраваўшы «што ён не саромеецца гуляць у ядзерныя гульні зноў і зноў».

Петэр Стана падкрэсліў, што Еўразвяз рашуча адхіляе гэтую пагрозу, а пазіцыя Супольнасці застаецца нязменнай.

«Мы спрабуем данесці гэтую пазіцыю і да іншых партнёраў у міжнароднай супольнасці, паказваючы ім тое, наколькі безадказныя паводзіны мы бачым з боку чалавека, які прадстаўляе краіну - пастаяннага члена Рады Бяспекі ААН», - заявіў еўрапейскі дыпламат, адзначыўшы, што Пуцін падрывае задачу гэтага міжнароднага органа, якая заключаецца ў падтрыманні міру на планеце.

Нагадаем, надоечы Уладзімір Пуцін публічна правёў пасяджэнне пастаяннай нарады Савета бяспекі РФ па ядзерным стрымліванні і распавёў пра змены ў ядзернай дактрыне Расіі. 

Прапанавана ўнесці шэраг удакладненняў у частцы вызначэння ўмоў прымянення ядзернай зброі, сярод іншага, крытычная пагроза суверэнітэту РФ звычайнай зброяй будзе падставай для ядзернага адказу з боку Масквы.

dw/iar/эж