Беларуская Служба

Як беларусы ставяцца да агрэсіі Расіі супраць Украіны

07.07.2022 17:59
Міжнародны даследчы цэнтр Chatham House прадставіў вынікі апытання грамадскай думкі, праведзенага з 6 па 17 чэрвеня 2022 года наконт стаўлення беларусаў да вайны ва Украіне.
Аўдыё
  • Беларусы не падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны
Ілюстрацыйны здымакFoto: Chatham house

Беларусы выступаюць супраць вайны. Іх больш у 2 разы, чым тых, хто падтрымліваюць вайну. Пры гэтым беларусы кажуць, што варта падтрымаць дзеянні Расіі, але не ўступаць у  ваенны канфлікт.

Chatham House апытаў 804 рэспандэнтаў у Беларусі з 6 па 17 чэрвеня 2022 года. Даследчыкі заяўляюць, што іх выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэкціравана па полу, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі.

Апытанне было праведзена з дапамогай інтэрнет-інтэрв'ю (CAWI), што на практыцы азначае, што выбарка была абмежавана да карыстальнікаў інтэрнэту. Хоць згодна з рознымі крыніцамі, 75-82 працэнты насельніцтва Беларусі выкарыстоўвае інтэрнэт, інтэрнэт-карыстальнікі больш эканамічна і сацыяльна актыўныя.

Галоўным пытаннем даследавання стала стаўленне беларусаў да расійскай агрэсіі на Украіну. Большасць супраць вайны, кажа аўтар даследавання Рыгор Астапеня, які прадставіў вынікі даследавання.

- Мы заўсёды ставім пытанне наўпрост: падтрымліваеце вы ці не дзеянні расійскай арміі ва Украіне? Грамадства падзеленае на тры групы. 43% беларусаў не падтрымліваюць дзеянняў расійскай арміі, 33% - падтрымліваюць, 23% – не могуць адказаць на пытанне. Мы бачым, што стаўленне застаецца хутчэй адмоўным. Праціўнікаў дзеянняў расійскай арміі ў два разы больш чым адназначных прыхільнікаў. Гэта 35% супраць 14%.

Большасць беларусаў супраць удзелу краіны ў вайне?

- Адназначных праціўнікаў ваенных дзеянняў шмат. Яны маюць акрэсленую пазіцыю. У той жа час, прыхільнікі Расіі хутчэй падтрымліваюць агрэсію. Пры гэтым у іх няма разумення навошта гэтая вайна, чаму яны яе падтрымліваюць. Мы бачым, што ў беларускім грамадстве ёсць падзел, але і перавага тых, хто не падтрымлівае дзеянняў расійскай арміі.

Што тычыцца стаўлення да дзеянняў Расіі, большасць беларусаў не вераць у расійскую бесчалавечнасць і не жадаюць верыць у тое, што кажуць украінцы. Гэта звязана з тым, што людзі баяцца разбурыць сваю карціну міра.

- Хутчэй за ўсё гэта не столькі, што людзі думаюць, а тое, што яны дэкларуюць. Таму што гэта захоўвае ім карціну свету. Адмова ад гэтага бачання свету, азначала бы для іх згоду на разуменне таго, што Расія – нацысцкая дзяржава, і Беларусь пры сённяшняй уладзе да гэтага набліжаецца. Для гэтых людзей камфортна лічыць, што расійская армія не ваюе супраць мірных грамадзян, наносіць кропкавыя ўдары. Тым больш, што прапаганда заўсёды імкнецца гэта даказваць. Шмат у чым беларусы лічаць, што на гэтай вайне праўда памерла і яны нікога не хочуць падтрымліваць.               

У самім беларускім грамадстве павялічылася разуменне праблем звязаных з вайной, кажа даследчык.

- Што тычыцца ацэнкі наступстваў ваенных дзеянняў ва Украіне, мы бачым, што скарачаецца малая доля тых, хто чакае пазітыўных наступстваў. Гэта звязана з тым, што прыхільнікі ўлады ды рэжыму ўсё радзей кажуць, што наступствы ваеннага канфлікту для Беларусі ды іх саміх будуць пазітыўнымі. Ім усё цяжэй адказваць на гэтае пытанне, што паказвае, што няма веры ў хуткую вайну ды добрыя вынікі. Ёсць разуменне, што вайна надоўга і наступствы будуць кепскімі для Беларусі ды беларусаў.

Беларусы крыху супакоіліся адносна глыбіні крызісу, разам з тым беларускае грамадства не ведае, што будзе далей. У людзей няма разумення будучыні.

- Мы бачым, што ў параўнанні з красавіком у людзей змалела пачуццё апакаліптычнасці. Тады большасць казала, што санкцыі закрануць, яно і цяпер захоўваецца, але яно стала меншым. Гэта 53% якія кажуць што санкцыі закрануць простых людзей. Тады думалася, што беларуская эканоміка заваліцца. Яна ўпала, але трымаецца, што паўплывала на разуменне таго, як санкцыі ўдараць па эканоміцы Беларусі. Разам з тым мы бачым, што ў беларускім грамадстве няма арыенціраў, што будзе далей. Мноства адмоваў адказаць, сведчыць пра тое, што няма ў людзей яснасці, як будзе далей развівацца сітуацыя.  

Таксама даследчыкі запыталіся, што думаюць беларусы пра знешнюю палітыку краіны, як ставяцца да суседзяў.

- Людзі, якія не падтрымліваюць Расіі, яны яшчэ больш непрымальна ставяцца да РФ. Сярод тых, хто падтрымлівае Расію,  расце непрыманне Украіны, краін ЕС ды ЗША. Таму найбольш пазітыўна беларусы ставяцца да Кітая, бо ён не ёсць краінай канфлікту. Важна тое, што не змянілася. Гэта пазітыўнае стаўленне беларусаў да суседніх краін. Вялікая змена адбылася ў стаўленні да АДКБ. Больш негатыўна беларусы ставяцца да гэтай арганізацыі, як таксама да павелічэння расійскай вайсковай прысутнасці, ды размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі. Пазітыўна гэта ўспрымаюць толькі 20% гарадскіх жыхароў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч