Беларуская Служба

Анджэй Дуда: У пошуках праўды пра Валынскую разню няма гаворкі пра помсту

11.07.2022 16:09
Складаныя старонкі гісторыі не павінны перашкаджаць палякам і ўкраінцам будаваць добрыя адносіны.
Аўдыё
  • Дзень памяці ахвяр Валынскай разні
Прэзідэнт Анджэй Дуда ўскладае вянок да помніка ахвярам у Валынскім скверы ў Варшаве фота: PAP/Paweł Supernak

11 ліпеня ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці ахвяр генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.

Нядзеля 11 ліпеня не была пачаткам Валынскай разні, але стала яе апагеем. Менавіта на 11 і 12 ліпеня 1943 году прыпаў пік нападаў бандаў Украінскай паўстанцкай арміі і бандэраўскай фракцыі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (ОУН-Б) на асоб польскай нацыянальнасці на Валыні і ва ўсходняй частцы Малапольшчы. Людзей забівалі з асаблівай жорсткасцю толькі за тое, што яны палякі. Сотнікі УПА пасля забойства жыхароў адной вёскі перамяшчаліся ў іншую і там працягвалі сваю крывавую работу. Яны стараліся ўдарыць як мага хутчэй у розных месцах, каб не даць палякам шмат часу на ўцёкі. Па інфармацыі польскага даследчыка Уладзіслава Сямашкі, украінскія нацыяналісты напалі ў адным і тым жа часе на жыхароў дзевяноста шасці населеных пунктаў, дзе пражывалі палякі.

Валынская разня носіць прыкметы генацыду палякаў, зладжанага ўкраінскімі нацыяналістамі. Гэта вельмі складаная старонка польска-украінскай гісторыі. Гістарычная праўда пра Валынскую разню, эксгумацыя і пахаванне ахвяраў генацыду, будаўніцтва мастоў на аснове падзей, якія нас звязваюць – гэта ўмовы польска-украінскага прымірэння, пра якія кажа кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і ахвяраў рэпрэсій Ян Юзэф Каспшык. Ён зявіў у эфіры Першага каналу Польскага радыё, што Польшча і Украіна знаходзяцца ў важным моманце будавання добрых адносінаў.

- Калі ў рамках нашай супрацы ў галіне гістарычнай палітыкі мы будзем шукаць элементы прымірэння і тыя падзеі, якія нас яднаюць, то гэта, без сумнення, будзе 1920 год. Дай Бог, каб нам удалося разам ажыццявіць запаведзь Пілсудскага і Пятлюры. Аднак неабходна размаўляць і пра тое, што было адмоўнае ў нашай гісторыі, трэба гэтую старонку гісторыі запоўніць праўдай, каб паказаць, што мы ўваходзім у кола лацінскай цывілізацыі, паводле традыцыі якой мы павінны пахаваць тых, хто быў забіты ў 1943 годзе і пазней.

Ян Юзэф Каспшык дадаў, што палякаў і ўкраінцаў яднае любоў да свабоды і незалежнасці.

Падчас урачыстага адзначэння Дня памяці ахвяр разні выступіў у Варшаве прэзідэнт Анджэй Дуда. Ён адзначыў, што на працягу дзесяцігоддзяў, асабліва ў апошнія 30 гадоў, Польшча спрачалася з Украінай пра Валынь і генацыд у адносінах палякаў. Лідар польскай дзяржавы падкрэсліў, што Валынь – гэта балючая і нялёгкая тэма, якая патрабуе ад усіх нас рашуча дабівацца праўды.

- Асабліва я хачу звярнуць увагу на тое, як важна шукаць праўду ў гэтых жахлівых падзеях падчас Валынскай разні, генацыду, які там меў месца, пазней Акцыі Вісла. Гэта наша складаная гісторыя, драматычная памяць палякаў і ўкраінцаў. Неабходна гучна і моцна падкрэсліць – не было і няма гаворкі пра помсту. Пра гэта сведчыць тое, што адбываецца цяпер. Гэта вельмі цяжкі момант, але тыя адносіны, якія цяпер назіраюцца паміж палякамі і ўкраінцамі, з’яўляюцца найлепшым доказам паяднання.

Дэлегацыя з Украіны прыняла ўдзел ва ўрачыстасці ўшанавання памяці ахвяр Валынскай разні, якая адбылася ў Варшаве. Гэта першы падобны выпадак у гісторыі – ад імя прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага адбылося ўскладанне кветак да помніка ахвярам трагедыі.

Прэзідэнт Анджэй Дуда паведаміў, што сёння прэзідэнт Зяленскі ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект аб наданні палякам Украіны асаблівага статусу, між іншым, права на працу. Прэзідэнт Дуда адзначыў, што сёння ў польска-украінскіх дачыненнях больш важных справаў, чым словаў, а «за неасцярожныя, дурныя словы адразу ідзе адказнасць».

- Сёння прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўнёс у Вярхоўную раду праект спецыяльнага закону аб адмысловым статусе палякаў ва Украіне. Мы можам разглядаць гэтую падзею як сітуацыю, на 180 градусаў адрозную ад тагачасных падзей, калі ўкраінцы намагаліся пазбавіцца ад палякаў усімі спосабамі, у тым ліку самым жорсткім спосабам – пазбаўляючы іх жыцця. Сёння Украіна праз гэты законапраект і праз гэты жэст прэзідэнта ўручае палякам сімвалічнае запрашэнне – мы вас вітаем і даем вам асаблівыя правы. Хай гэта будзе для нас нейкім знакам.

Паводле падлікаў Інстытута нацыянальнай памяці, у 40-ыя гады ўкраінцы на Валыні, ва Усходняй Галіцыі і на Любліншчыне забілі каля 100 тысяч палякаў. У сваю чаргу ў акцыях помсты польскія падпольшчыкі забілі ад двух да трох тысяч украінцаў.

IAR PR/нг