Беларуская Служба

«Нацыяналістычны цырк. Даўно я не была так прыгнечана ў гэтым горадзе». Рэзкія каментары пасля антыўкраінскага маршу ў Жэшаве

12.07.2022 13:56
Працягваюцца абмеркаванні нядзельнай дэманстрацыі нацыяналістычных сілаў, якая была анансаваная як Марш памяці ахвяраў Валынскай разні.
Wieniec, który prezydent Andrzej Duda złożył w miejscu nieistniejącej już polskiej wsi na Wołyniu na Ukrainie, 8.07.2018 w ramach obchodów 75. rocznicy ludobójstwa Polaków na Wołyniu
Wieniec, który prezydent Andrzej Duda złożył w miejscu nieistniejącej już polskiej wsi na Wołyniu na Ukrainie, 8.07.2018 w ramach obchodów 75. rocznicy ludobójstwa Polaków na WołyniuPAP/Jacek Turczyk

– Даўно я не была так прыгнечана ў гэтым горадзе, – каментуе паэтка з Жэшава Крыстына Лянкоўска (Krystyna Lenkowska).

– Мы павінны перастаць будаваць палітычныя капіталы на гісторыі, асабліва такой гісторыі, як Валынская разня. З-за вугла выглядае той самы маскоўскі твар, якая сутыкае нас, каб лягчэй падзяліць і заваяваць, – кажа Міраслаў Скурка (Mirosław Skórka), старшыня Саюзу ўкраінцаў у Польшчы.

Паводле анонсу, Марш быў заяўлены як акцыя памяці ахвяр Валынскай разні. Але хутка стаў антыўкраінскай дэманстрацыяй. Гучалі словы, што ўкраінскі сцяг, які лунае над мэрыяй Жэшава, належыць «дзяржаве, якая пакланяецца забойцам палякаў», пра канфлікт піша Gazeta Wyborcza.

Жыхары памежнага Жэшава, якому прэзідэнт Украіны прысвоіў званне горада-выратавальніка, былі шакаваныя і каментавалі, што замест таго, каб ушанаваць памяць ахвяр, нацыяналісты зладзілі перфоманс патастрымераў, то бок людзей, якія дэманструюць сацыяльныя адхіленні.

«Цяжкія часы прыйшлі ў Жэшаў. Ганьба», – пракаментаваў Лешак Кухняк (Leszek Kuchniak), вядомы мастак з Жэшава.

Разам з тым Адам Шэлёнг, прэс-сакратар гарадской паліцыі ў Жэшаве, заявіў, што інцыдэнтаў ці злачынстваў на глебе нянавісці не было зафіксавана.

– Памяць важная, але нашу будучыню нельга адмяніць. Бываюць сітуацыі, калі ў імя вялікіх каштоўнасцяў трэба шукаць шлях прымірэння, узаемнай салідарнасці і будавання будучыні. Гэта не выключае зваротаў да мінулага. Мы павінны глядзець на наша – часам вельмі цяжкае – мінулае, каб мець магчымасць будаваць супольную будучыню, – каментуе д-р Гжэгаж Кшэшоўскі (dr Grzegorz Krzeszowski), выкладчык WSPiA Вышэйшай школы ў Жэшаве, эксперт у галіне этнаграфіі, нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, у тым ліку заходняй Украіны.

– Я ведаю шмат месцаў, дзе людзі мусілі вызначыцца, да якой яны нацыянальнасці належаць. Адзін брат казаў, што ён паляк, другі, што адчувае прывязанасць да ўкраінскай нацыянальнасці. Ідэнтычнасць значна глыбейшая, чым здаецца. У многіх месцах, асабліва ў памежжы, гэта вельмі часта справа свядомага выбару. Размова ідзе пра пабудову адносін. Памежжа можа аб’яднацца, калі мы выкарыстоўваем адпаведныя дэтэрмінанты. Але можа і раздзяліцца, – дадае д-р Гжэгаж Кшэшоўскі. Паводле яго слоў, гэты падзел нікому не служыць – ні Польшчы, ні Украіне, ні Еўропе.

- Нацыяналістычныя колы заўсёды ставіліся да пытанняў польска-ўкраінскіх стасункаў як да поля, дзе павінны расці толькі тыя дрэвы, якія яны саджаюць, і іх наратыў адзіны, правільны і толькі ён служыць Польшчы. Увогуле, гэта служыць не Польшчы, а Расіі і дакладна адлюстроўвае крамлёўскі светапогляд пра свет. Нават брутальная агрэсія Пуціна супраць Украіны не ацверазіла многіх нацыяналістычных лідараў, для якіх Украіна і ўкраінцы павінны быць ворагамі, што б ні адбывалася ў свеце. Гэтыя апантанасці патрабуюць сур’ёзнага псіхааналізу, – каментуе Міраслаў Скурка, старшыня Саюзу ўкраінцаў у Польшчы. Ён нагадвае, што з моманту ўзнікнення ў Польшчы хвалі бежанцаў з Украіны многія эксперты папярэджвалі, што будуць дзеянні, скіраваныя на падзел супольнасці.

– І меркаванне, што калі ў Польшчы вісяць украінскія сцягі, то мы губляем незалежнасць і служым іншай дзяржаве, – гэта не глупства, а наўмысная прапагандысцкая маніпуляцыя. Ва ўсім гэтым нязменна адно – што б ні здарылася, свет нацыяналістаў адзін і той жа. Паранаідальны, – прызнае Міраслаў Скурка.

вх