Беларуская Служба

Даследчыца: Расійскае грамадства рыхтавалі да вайны 20 гадоў

25.07.2022 16:26
«Цяперашні стан расійскага грамадства шмат у чым вызначаны масавай культурай, дзе патрэбныя рэжыму сэнсы ўкараняюцца ўжо на працягу двух дзесяцігоддзяў».
Аўдыё
  • Мы пацікавілася ў нямецкай вучонай з Універсітэту Грайфсвальда Ганнай Новікавай, якая спецыялізуецца на прапагандзе, як працуе пуцінская машына па прамыванні мазгоў
Litery Z i V na koszulkach w sklepie w Moskwie.
Litery Z i V na koszulkach w sklepie w Moskwie.PAP/EPA/YURI KOCHETKOV

 «Грузы 200» жвавай плынню разыходзяцца па ўсіх кутках неахопнай Расіі. Лік салдат Пуціна, якія знайшлі апошні прытулак ва ўкраінскай зямлі, ужо даўно ідзе на дзясяткі тысяч, аднак расяяне вераць свайму правадыру і надалей падтрымліваюць яго згубную палітыку. Паспрабуем разабрацца як працуе расійскай прапаганда.

На захадзе Еўропы часта можна сутыкнуцца з меркаваннем, што цяперашняя вайна Расіі супраць Украіны – гэта вайна Пуціна і яго атачэння, але ніяк не вайна саміх расяянаў. За гэтым крыецца або глыбокае неразуменне сітуацыі ў рэгіёне, або адкрытае абслугоўванне інтарэсаў Крамля. Паводле розных сацыялагічных апытанняў, большасць расяяназ падтрымліваюць ваенна-палітычнае кіраўніцтва сваёй краіны. Відавочны ўплыў прапаганды.

Мы пацікавілася ў нямецкай вучонай з Універсітэту Грайфсвальда Ганны Новікаў, якая спецыялізуецца на прапагандзе, як працуе пуцінская машына па прамыванні мазгоў:

-Пуцінская Расія прапануе два наратывы: утапічны і дыстапічны. Дыстапічны наратыў заключаецца ва ўяўленні Еўропы, увогуле Захаду, як сістэмы, якая загнівае. Для таго каб прадэманстраваць «заняпад» заходняга свету, часцяком ужываецца тэрмін «гейропа», гэта служыць дэманстрацыі заняпаду так званых традыцыйных каштоўнасцяў. У гэтым кантэксце таксама вельмі часта ўзгадваецца і Украіна. Прапаганда прадвесціць Еўропе дыстапічную будучыню.

Альтэрнатыва Захаду – гэта ўтапічная будучыня Расіі. Назіраецца цікавая з'ява: сімвалы, якія выкарыстоўваюцца, нагадваюць савецкія часы, але ў адрозненні ад папярэдняй эпохі значнае месца ў прапагандзе стала займаць праваслаўная царква, рэгулярна выкарыстоўваюцца рэлігійныя матывы. Улада і духавенства ідуць поплеч. Адзін з прыкладаў гэтага – фемінізацыя сямʼі – маці, тата і дзеці. У вобразе сямʼі кожнаму прыгатаваная пэўная роля. «Калі будзе моцная сямʼя – Расія будзе вялікай» і г.д. Праз гэтыя каштоўнасці ў нейкім сэнсе транслюецца і глабальная місія – «Расія выратуе загніваючы свет».

Якое значэнне ў гэтым кантэксце мае руская масавая культура, найперш тэлебачанне і кінематограф?

-Ва ўсіх расійскіх баевіках, уключаючы знакаміты «Брат-2», які зʼяўляецца ўнікальным зборам сімвалаў таго, што зараз адбываецца, выразна запраграмаваная пэўная сістэма каштоўнасцяў. Гэта назіраецца на розных узроўнях успрымання гэтых «твораў». Напрыклад, канкрэтна прапісаны гендарныя ролі – жанчына Адзігітрыя, мужчына – сімвал маскуліннасці. Цяперашні стан расійскага грамадства шмат у чым вызначана гэтым, такія сэнсы ўкараняюцца ўжо на працягу двух дзесяцігоддзяў.

Аднак паняцце масавай культуры я б пашырыла і на інтэрнэт-медыя: YouTube, розныя сацсеткі, Tik-Tok, сэлфі-праекты, флэшмобы і гэтак далей. Гэтага становіцца ўсё больш і на моладзь такія каналы камунікацыі аказваюць значна большае ўздзеянне, чым традыцыйныя баевікі і тэлесерыялы. Ужо можна казаць аб пераемнасці прапаганды.

У Савецкім Саюзе, дзе быў ЦК, а ў ім – сакратар па ідэалогіі – Суслаў, Тэлерадыёкамітэт – Лапін, можна было прагледзець структуру апарата прапаганды. У сучаснай Расіі гэтая сістэма такая ж іерархічная ці нешта кардынальна змянілася?

-У пэўным сэнсе жорсткая іерархія захавалася. Менавіта таму назіраецца сінхронная падтрымка розных наратываў зверху ўніз. Яскравы прыклад – літара Z, якая выкарыстоўваецца з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Аднак дзякуючы развіццю сацыяльных медыя верх і ніз пачынаюць «змешвацца».

Часам нізавая ініцыятыва падхопліваецца верхам і зноў па разнарадцы спускаецца, але ўжо больш маштабаваная. Святкаванне Дня Перамогі мае шмат прыкладаў ініцыятыў знізу. Відавочна, што ўсе імпрэзы ініцыююцца зверху, але гэтыя дырэктывы актыўна падхапляюцца знізу і на гэтым узроўні інтэрпрэтуюцца, абрастаючы новымі элементамі, ужо без запыту зверху. Выканаўцы самі праяўляюць ініцыятыву. Часpта гэта тычыцца візуальных рашэнняў, а тыя, у сваю чаргу, часта чэрпаюцца з сацыяльных медыя. Zeitgeist – па-нямецку дух часу, і яны яго ловяць.

Па меры развіцця баявых дзеянняў ва Украіне, стала відавочна, што войска Расіі вельмі марнатраўна распараджаецца людскімі рэсурсамі, не шкадуючы жыцця сваіх жа салдат. Зʼявілася меркаванне аб тым, што хутка прапаганда перастане дзейнічаць, паколькі не зможа спаборнічаць з «грузамі 200», якія разыходзяцца вялікімі партыямі па ўсёй краіне. Іншымі словамі, смерць знаёмага ці блізкага адкрые расяянам вочы на ​​ісціну. Па сканчэнні чатырох месяцаў вайны, і дзясяткаў тысяч забітых расійскіх акупантаў, гэтыя надзеі пачынаюць апраўдвацца?

-Не хачу быць прарокам і казаць як сітуацыя будзе выглядаць праз год-два, але зараз відавочна, што прапаганда адназначна перамагае. Па-першае, мазгі пачалі прамываць не два тыдні таму. Прапаганда выбудоўвалася дастаткова доўга, гэта метадычная палітыка, якая вядзецца на многіх узроўнях апошнія 20 гадоў. Расійскае грамадства было падрыхтавана да гэтага, у тым ліку дзякуючы распаўсюджванню і ўкараненню месіянскага духу, наймацнейшай мартыралогіі – «Так, людзі гінуць, але яны гінуць за правую справу, і яны стануць святымі».

Па-другое, дзякуючы мэйнстрымным медыя і ўсёй інфраструктуры прапаганды, якая працягвае ўплываць на розумы. Нават пры сутыкненні з рэальнасцю, напрыклад, з фатаграфіямі, на якіх адлюстраваны зверствы рускай арміі, зазамбаваныя прапагандай расяяне будуць упэўненыя, што гэта «адфоташопленыя» іншым бокам фатаграфіі. Яны ўжо не чуюць аргументаў.

Застаецца, толькі дадаць, што паводле сацыялагічных даследаванняў, праведзеных сацыёлагам Андрэем Вардамацкім, прыкладна каля паловы беларусаў успрымаюць рэчаіснасць праз скажонаю прызму расійскай прапаганды.

Эдуард Жолуд 

Слухайце аўдыё! 

Расія марыць пра «маленькую пераможную правакацыю», напрыклад, у эстонскай Нарве

05.07.2022 13:43
Пра Нарву казаў сам Уладзімір Пуцін, а ідэю падхапіла расійская прапаганда. Гэта ідэальнае месца для правакацыі супраць НАТА і ЕС.

Як беларусы ставяцца да агрэсіі Расіі супраць Украіны

07.07.2022 17:59
Міжнародны даследчы цэнтр Chatham House прадставіў вынікі апытання грамадскай думкі, праведзенага з 6 па 17 чэрвеня 2022 года наконт стаўлення беларусаў да вайны ва Украіне.