Беларуская Служба

Прафесар Латышонак: Гэта не змаганне з памяццю, але спроба правакаваць польскую дзяржаву

13.07.2022 14:11
Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы пратэстуе супраць апаганьвання польскіх месцаў памяці ў Беларусі.
Аўдыё
  • Прафесар Латышонак: Гэта не змаганне з памяццю, але спроба правакаваць польскую дзяржаву
Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег ЛатышонакЯраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Беларускае гістарычнае таварыства асуджае знішчэнне магілаў польскіх жаўнераў у Рэспубліцы Беларусь. «Мэта гэтых ганебных дзеянняў відавочная – пасварыць польскі народ з беларускім. Мы на гэта не згодныя!» – напісалі ў заяве актывісты беларускай меншасці ў Польшчы з Беларускага гістарычнага таварыства.

Сярод падпісантаў заявы знаходзіцца таксама гісторык, даследчык і выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта прафесар Алег Латышонак:

- Мы запратэставалі супраць знішчэння магілаў і могільнікаў польскіх жаўнераў у Рэспубліцы Беларусь. Спачатку па адным, па два, пазней ужо па некалькі. Амаль кожны дзень да нас прыходзілі звесткі пра знішчэнне наступных могілак. Апошнім часам у Ваўкавыску. Таму мы вырашылі пратэставаць.

Паводле прафесара, відаць, што апаганьванне польскіх месцаў памяці, гэта мэтанакіраваная кампанія рэжыму Лукашэнкі, накіраваная супраць польскай дзяржавы:

- Гэта накіравана супраць дзяржавы – супраць Рэспублікі Польшча. Гэта проста правакацыя для польскіх, дарэчы не першая. Нагадваю пра ранейшы штучна выкліканы міграцыйны крызіс. Аднак цяпер, гэта проста ганебнае. Цяжка нават уявіць сабе, як гэта можна зрабіць. Відаць нехта ў Мінску хоча асабліва дапячы палякам. Я яшчэ раз падкрэсліваю, што гэта не накіравана супраць польскай меншасці, але супраць польскай дзяржавы.

Якая мэта такіх ганебных дзеянняў?

- Думаю, што тут ёсць свае – лукашэнкаўскага рэжыму разлікі з палякамі, гэта, перш за ўсё, помста за падтрымку рэвалюцыі 2020 года. Аднак, безумоўна, на гэта можна таксама глядзець таксама ў кантэксце вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны. Беларусь сваёй рыторыкай далучаецца да гэтага ваеннага псіхозу – яна пагражае Польшчы ракетнымі ўдарамі. Усё гэта вынік агульнай сітуацыі.

Прафесар Латышонак дадае, што для яго, як для гісторыка, апаганьванне месцаў памяці – гэта варварства:

- Для нас – як для гісторыкаў, гэта, натуральна, непрымальныя падзеі. Таму і мы пратэставалі ад імя Беларускага гістарычнага таварыства. Аднак, тут апрача гістарычнага кантэксту, на многа важнейшы палітычны кантэкст. Гэта дзеля сучасных мэтаў робіцца. Гэта не змаганне з памяццю, але правакацыя польскай дзяржавы.

Наогул, у сувязі пагаршэннем атмасферы польска-беларускіх адносін, сітуацыя беларускай меншасці ў Польшчы нецікавая, кажа Алег Латышонак:

- Сітуацыя нецікавая. Мы апынуліся, скажам так, амаль у ваеннай зоне. У выніку міграцыйнага крызісу мы жылі ў надзвычайным становішчы. Усё гэта (абмежаванні – рэд.) закранулі менавіта беларусаў у Польшчы. Гэта руйнаваў эканоміку нашай меншасці. Турызм, з якога шмат людзей жыло. Выклікала пачуццё пагрозы. Уявіце сабе, людзі пастаянна бачаць ваенную тэхніку і верталёты. Гэта не ад пачатку расійскай вайны ва Украіне, але на многа раней. Гэта вельмі непрыемная сітуацыя. Да таго трэба дадаць, што стаўленне польскага грамадства ў дачыненні да беларусаў паступова пачало мяняцца на некарысць беларусаў, то бок з прыхільнага – пасля рэвалюцыі 2020 года, на адмоўнае – з-за таго, што Беларусь зараз саўдзельнік агрэсіі супраць Украіны. Зараз вельмі часта сустракаюцца выпадкі нейкіх антыбеларускіх дзеянняў, поглядаў іг.д.

Паводле Алега Латышонка сітуацыю не мяняюць шматлікія дзеянні беларусаў у Польшчы з мэтай дапамагчы ўкраінскім уцекачам:

- Так, але гэта не мяняе сітуацыі. Тое, што робіць рэжым Лукашэнкі адбіваецца на звычайных беларусах, праўда хутчэй на беларусах з Беларусі, якія апынуліся ў Польшчы па розных прычынах. Можна старацца і беларусы гэта робяць, але тут ідуць аграмадныя зрухі і, як заўсёды, слабейшы становіцца ахвярай.

Можна канстатаваць, што вайна ва Украіне спіхнула ў далейшы план праблемы дэмакратычнай Беларусі:

- Безумоўна. Мала сказаць, што спіхнула ў далейшы план. Зараз Беларус – гэта не ахвяра, але саўдзельнік у злачынстве. Так гэта выглядае з боку. Людзі не разбіраюцца, што беларусы не маглі самі выбраць свайго ўраду; што яны пад саюзнай з Расіяй дыктатурай. Для шматлікіх людзей беларусы – гэта проста саюзнікі Расіі. На жаль, такім чынам гэта выглядае.

У адрозненне ад палякаў, па зразумелых прычынах, беларуская меншасць у Польшчы не можа спадзявацца на падтрымку і зацікаўленне з боку Радзімы:

- Мы здаўна жывем, як цыганы. Мы так гэта адчуваем. Для беларускай дзяржавы мы нецікавыя. Гэта таксама вынікае з агульнай ідэі афіцыйнай беларускай дзяржавы, для якой беларусы – гэта тыя, хто пражываюць у Беларусі пад уладай Лукашэнкі. Цяпер нават тыя, якія супрацоўнічалі з беларускім бокам у розных галінах, ужо больш не хочуць такой дапамогі. Сувязі парваныя. Ну фактычна, мы можам разлічваць выключна самі на сябе.

Паводле прафесара Латышонка праблемам беларускай меншасці ў Польшчы трэба прысвяціць больш увагі:

- Трэба як найбольш пра гэта гаварыць. Я не думаю, каб дастаткова было размоваў з жыхарамі памежнай зоны пра іх праблемы. Усе засяродзіліся на змаганні ўрадаў і войскаў, а не на тым, як жывуць звычайныя людзе. Трохі гэтага ёсць, але гэта мала.

- канстатуе гісторык, даследчык і выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта прафесар Алег Латышонак, з якім размаўляла Анна Задрожна.

Віцэ-старшыня СПБ: Мы патрабуем увагі грамадскай думкі да нашых праблем

07.07.2022 13:31
Сітуацыя польскай меншасці ў Беларусі пачала пагаршацца яшчэ да расійскай вайны супраць Украіны, кажа Марэк Занеўскі.