Беларуская Служба

Колькасць скаргаў на настаўнікаў імкнецца да рэкорду

25.07.2022 17:30
Большасць спраў супраць настаўнікаў датычацца некарэктных слоў на адрас дзіцяці - ацэньвае юрыст, які прадстаўляе інтарэсы педагогаў.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Facebook/Людмила Денісова

Dziennik Gazeta Prawna піша пра тое, як і на што бацькі вучняў падаюць скаргі супраць настаўнікаў.

Тлумачальных і дысцыплінарных спраў у дачыненні да педагогаў становіцца ўсё больш. Пандэмія ўзмацніла напружанасць і бацькі сталі больш дасведчанымі, кажуць юрысты.

Дадзеныя з дзевяці ваяводстваў, паказваюць, што да ліпеня бягучага года дысцыплінарным прэс-сакратарам было пададзена 275 заяваў аб распачынанні тлумачальных спраў; 119 перададзены дысцыплінарным камісіям. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, гэта будзе самая высокая лічба з 2017 года. У школах Польшчы працуюць больш за 680 тысяч настаўнікаў.

Юрысты, якія прадстаўляюць інатрэсы настаўнікаў, кажуць, што ў 80 працэнтаў выпадкаў тлумачальныя працэдуры заканчваюцца перадачай справы ў дысцыплінарную камісію пры ваяводзе, асабліва калі размова ідзе пра падазрэнне ў дзеянні, якое парушае дабрабыт і правы дзіцяці. Там справа разглядаецца групай з некалькіх чалавек, з удзелам прадстаўніка ўпаўнаважанага па правах дзіцяці.

У Настаўніцкай дысцыплінарнай камісіі пры Куяўска-Паморскім ваяводстве за апошнія пяць гадоў былі зафіксаваныя, напрыклад, такія скаргі: пакіданне вучняў без нагляду, прымяненне сілы ў дачыненні да вучняў, пераслед, абразы, спакушэнне і дамаганне, псіхалагічны гвалт, вербальная агрэсія, перапіска сексуальнага характару з навучэнцам у Facebook, неапраўданая адсутнасць выкладчыка на працы, ненадзейнага выканання заданняў па даручанай пасадзе, публікацыі абразлівага кантэнту, парушэння абавязку цвярозасці, лупцоўка дзяцей і адпраўка смс-паведамленняў вучню ў начны час.

— Часта бывае слова супраць слова. У мяне ёсць выпадак, які паказвае, што настаўніца парушыла фізічную недатыкальнасць дзіцяці, падрапаўшы яго. Яна кажа, што дапамагала вучню нешта пісаць, і была драпіна, калі яна апусціла руку. Яна папрасіла ў яго прабачэння перад усім класам, таксама папрасіла прабачэння ў бацькоў. Аднак яны вырашылі перадаць справу дысцыплінарнаму супрацоўніку, які перадаў яе ў камісію. Камісія прыйшла да высновы, што правапарушэнне заслугоўвае вымовы з папярэджаннем. Цяпер мы чакаем пісьмовага абгрунтаваньня і, магчыма, пойдзем у апэляцыйную камісію, – кажа адвакат Караліна Беднарчык (Karolina Bednarczyk).

Суразмоўцы Dziennik Gazeta Prawna адзначаюць, што большасьць скаргаў — гэта ананімкі, якія лёгка могуць нашкодзіць настаўніку.

Пералік спагнанняў, якія можа прымяніць камісія (згодна з палажэннямі Настаўніцкага статута): вымова з папярэджаннем, звальненне з работы, звальненне з працы з забаронай прымаць пакаранага на педагагічную работу на працягу трох гадоў, звальненне са школы, адхіленне ад прафесіі.

вх