Беларускія праваабаронцы расказалі пра тэндэнцыі апошніх двух гадоў, у прыватнасці пра адзіны выпадак памілавання прыгавораных да кары смерці і пра змены ў заканадаўстве, якія пашыраюць спіс злачынстваў, за якія пагражае найвышэйшая мера пакарання.
Браты Ілля і Станіслаў Косцевы сталі адзінымі ў Беларусі смяротнікамі, у дачыненні да якіх Аляксандр Лукашэнка прымяніў права памілавання. Гэта сталася ў красавіку 2021 году. Адвакат аднаго з братоў, Станіслава, Людміла Казак да гэтай справы займалася абаронаю і іншых прыгавораных да кары смерці. У справе Станіслава Косцева, паводле яе, было больш надзеі на памілаванне, чым у ранейшых справах.
-На колькі мне вядома, браты Косцевы таксама былі вельмі здзіўленыя. На момант, калі мы прайшлі ўсе інстанцыі, калі мы бачыліся апошні раз, то іх псіхічны стан быў жахлівы, яны цалкам згубілі надзею, што нешта можа змяніцца. На шчасце, іх памілавалі.
Матывы, па якіх браты Косцевы былі памілаваныя, не вядомыя, нават сваякам. Людміла Казак думае, што гэта малады ўзрост прыгавораных, а таксама тое, што ў выніку іх злачынства была адна, а не больш ахвяр.
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда часта чуе пытанне пра вынікі кампаніі. Калі казаць пра яе галоўную задачу: адмену ці мараторый на выкананне кары смерці, то гэтага яшчэ не сталася. Але ёсць іншыя дасягненні.
-Я згодны, што мы не ведаем, што вынікова паўплывала на рашэнне па справе Косцевых, але мне падаецца, што такіх фасолін было шмат. Гэта і на міжнародным узроўні, і на нацыянальным, і праца ў судах, падрыхтоўка звароту ў ААН. З аднаго боку, не варта казаць, што гэта толькі вынік кампаніі. Аднак з іншага, варта казаць і пра тое, што мы шмат чаго рабілі, каб быў менавіта такі вынік.
Беларускія арганізацыі стала ўздымаюць пытанне кары смерці ў Беларусі на міжнародным форуме. Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА ў свой час на Еўрапейскім моладзевым форуме распавядаў пра кару смерці ў Беларусі. Зміцер Герыловіч канстатаваў, што ў Еўропе нямногія ведаюць, што ў Беларусі надалей прымяняецца кара смерці. РАДА прапанавала рэзалюцыю.
-Мы прапанавалі распачаць пэўную дзейнасць з боку еўрапейскіх структур, грамадзянскай супольнасці. Падчас распрацоўкі рэзалюцыі мы пабачылі, што нават сярод супер актыўнай моладзі колькасць людзей, якія ведаюць пра смяротнае пакаранне ў Беларусі, было вельмі мала. Канец лістапада 2020 года, сотні людзей у залі, пленарнае паседжанне, выносіцца нашая рэзалюцыя на абмеркаванне. Гэта была адзіная рэзалюцыя, якая набрала 100% галасоў у цэлай гісторыі Еўрапейскага моладзевага форуму.
Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА пачаў кансультацыі з рознымі еўрапейскімі ўстановамі, але прыйшоў жнівень 2020 году і на першы план выйшлі зусім іншыя праблемы.
На форму ААН беларускія ўлады неаднаразова прыводзілі ў прыклад ЗША, дзе таксама ёсць кара смерці. Смяротнае пакаранне – гэта загана кожнай краіны, але ніводная іншая дзяржава не выносіць смяротныя прысуды так хутка, як Беларусь, адзначыў Павал Левінаў з БХК.
-Я вывучаў амерыканскую практыку. Там людзі часцяком чакаюць прысуду па 20-25 гадоў. Цяпер, калі шмат вядома пра ДНК, людзі, прыгавораныя да кары смерці, і якія паўжыцця правялі ў месцах пазбаўлення волі ў чаканні выканання прысуду былі вызваленыя, паколькі паявіліся новыя спосабы доказу іх невіноўнасці.
У сваю чаргу смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву быў вынесены на працягу 3,5 месяцаў.
У красавіку Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла змены ў КК. Пашырыліся магчымасці вынясення смяротнага прысуду. У прыватнасці, гэтую меру прапануюць ужываць за замах да злачынства і падрыхтоўку да злачынства. Андрэй Палуда канстатаваў, што ў краіне, дзе не да законаў, магчыма ўсё.
На дыскусіі паявілася пытанне, ці дапускаюць праваабаронцы кару смерці ў дачыненні да дыктатарскага рэжыму, які адказвае за гвалт над народам. «Не», – адзінагалосна казалі праваабаронцы. Забойства – гэта не правасуддзе, адзначыў Зміцер Герыловіч.
-У праваабарончым позірку на свет нельга прымяняць правы чалавека ў адным кейсе і не прымяняць у іншым. Нельга выключыць любых людзей, што б яны не зрабілі.
Андрэй Палуда звярнуў увагу, што доступ да кожнай інфармацыі ў цяперашніх умовах вельмі ўскладнены, а тым больш да інфармацыі аб кары смерці. Пасля справы братоў Косцевых праваабаронцы не ведаюць пра новыя выпадкі вынясення смяротнага прысуду.
ав
слухайце аўдыё