У сувязі з вялікімі міграцыйнымі плынямі з Беларусі цягам апошніх двух год пытанне беларусаў за мяжою – стала цікавіць як палітыкаў, так і даследчыкаў. Аднак пытанняў пакуль больш, чым адказаў.
Слухайце далучаны файл!
Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве быў створаны восенню 2020 года людзьмі, якія самі ведалі што такое эмігранцкі досвед, часта мелі палітычны пераслед. Адпаведна, маглі спрагназаваць, што чакае пратэстную супольнасць у Беларусі.
– Калі гаварыць пра відавочныя поспехі, то мы, беларуская дыяспара, дамагліся таго, што беларусы з гуманітарнымі візамі атрымалі доступ да рынку працы ў Польшчы. Нядаўняе новаўвядзенне – магчымасць атрымаць гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы. Варта разумець, што самой Польшчы гэтыя змены не надта былі патрэбныя, калі б не было лабіяванне з боку дыяспары, то гэтых вынікаў не было б, – гаворыць Алеся Пажытак, юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве.
Таксама Алеся Пажытак адзначае, што цяпер у Польшчы шмат арганізацый, якія дапамагаюць мігрантам. Гэтага не было ў 2020 годзе, калі пачалася плынь масавай міграцыі з Беларусі.
Разам з тым юрыстка гаворыць, што ў беларускай дыяспары даволі шмат праблем:
– Вельмі цяжка ідзе інтэграцыя ў польскае грамадства. З аднаго боку, беларусы самі ў гэтым не зацікаўленыя. Ідзе працэс гетаізацыі беларускай супольнасці: яны не хочуць вучыць польскую мову, не хочуць інтэгравацца, але хочуць жыць побач, працаваць у беларусаў, кантактаваць з адзін з адным. Добра гэта ці кепска? Пытанне да экспертаў, гэта тое, што я бачу са сваёй пазіцыі. Але і дзяржава не робіць дастаткова для ўцягвання ў польскае грамадства. Калі паглядзець на інтэграцыйныя праграмы для тых, хто а трымаў статус абароны ў Польшчы, то гэтыя праграмы можна ўзяць ды выкінуць.
Таксама Алеся распавяла, што многія беларусы, з якімі яна мае кантакты па працы, пачуваюцца згубленымі: яны хочуць рабіць нешта грамадска-карыснае, хочуць уплываць на сітуацыю ў Беларусі, але, паводле яе слоў, не валодаюць дастатковымі кампетэнцыі, а гэта валоданне замежнымі мовамі, прафесіі, запатрабаваныя за мяжой. У гэтых людзей няма грамадскага занятку і яны пакутуюць ад гэтага. Такая карціна назіраецца найперш сярод тых, хто збег з краіны па палітычных прычынах. Размова не пра эканамічную эміграцыю.
А вось што кажа сацыёлаг Генадзь Коршунаў:
– Трэба паразважаць пра гетаізацыю дыяспары. Бо сучасны сацыяльны асяродак дазваляе шмат каму камфортна жыць, працаваць без глыбокай інтэграцыі ў мясцовае грамадства. Іншая справа, калі гэта на 5-10 гадоў. Тады ўзнікаюць пытанні.
Дакладна невядома колькі людзей выехала з Беларусі з 2020 году, аднак відавочна, што гэта самая вялікая хваля міграцыі з Беларусі ў найноўшай гісторыі.
вх