Нобелеўская прэмія Алесю Бяляцкаму – вялікая падзея для ўсяго пакалення, якое вяло змаганне спачатку сіламі ў некалькі дзясяткаў чалавек, – піша рэдактар Яўген Вапа. – Потым сталі іх сотні, тысячы, а зараз мільёны заўсёды верных бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня». Ад гэтага ніколі менавіта Алесь Бяляцкі не адракаўся. Ствараючы ў 1996 годзе праваабарончую арганізацыю «Вясна», у яе аснову паклаў прынцып абароны беларускасці. Было гэта адным з яе адрозненняў, а калектыў людзей, сабраны Алесем, меў выразна нацыянальную, беларускую афарбоўку.
Алесь Бяляцкі – адзін з тых сяброў нашай беларускай нацыянальнай меншасці, які жыў нашымі справамі, бываючы і гасцюючы ў нас на Беласточчыне. Ён не толькі рэгулярна чытаў «Ніву», калі быў на волі, нашы беларускія літаратурныя і гістарычныя выданні, але заўсёды выступаў у нашай абароне і заступаўся за нас перад польскімі ўладамі і міжнароднымі структурамі. У «сумна вядомай» справе абвінавачання нашага тыднёвіка ў парушэнні фінансавай дысцыпліны, калі былі прад'яўлены пракурорскія закіды, у яго асобе і другіх беларусаў мы атрымалі доказы рэальнай бязмежнай, беларускай салідарнасці. На жаль, з-за фінансавых абвінавачанняў сам сядзеў ён першы раз у турме, так як і зараз, апынуўшыся за кратамі. Таму памятайма і падтрымлівайма Алеся, але і ўсіх зняволеных, асуджаных, пераследаваных і выкінутых з Беларусі. Гэта проста наш маральны нацыянальны абавязак, – заклікае рэдактар «Нівы».
У пачатку кастрычніка лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская ў ваяводскай бібліятэцы ў Беластоку ўдзельнічала ў прамоцыі кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska», якую выдала Wydawnictwo Literackie, – піша Міра Лукша. – Гэта першая кніга пра лідарку беларускай апазіцыі, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на канчаткова сфальсіфікаваных выбарах 2020 года. Яе аўтар – журналіст Руслан Шошын. Значную групу ўдзельнікаў сустрэчы складалі прадстаўнікі беларускай меншасці Беласточчыны і мясцовай беларускай дыяспары. Рэцэнзенты звярнулі ўвагу што тое, як Шошын падсумоўвае падзеі ў Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў і як ён прадстаўляе спецыфіку беларускага грамадства, робіць кнігу не толькі біяграфіяй выдатнай постаці, але і займальным зборнікам ведаў пра Беларусь сучасную і крыху больш старэйшую. Руслан Шошын малюе партрэт Святланы Ціханоўскай – звычайнай дзяўчыны з Мікашэвічаў на поўдні Беларусі пасля чарнобыльскай катастрофы. Сама Святлана Ціханоўская сказала, што яе задача – выратаваць не толькі свайго мужа Сяргея і тысячы ў турмах, але і ўсю краіну. «Мой твар на вокладцы кнігі – не рэклама мяне, гэта мне непатрэбнае, але спадзяюся, што гэтая кніга дапаможа зразумець Беларусь», – адзначыла гераіня выдання. Напрыканцы сустрэчы гучаў вокліч, добра вядомы па акцыях пратэсту ў Беларусі ў 2020 годзе: «Верым, можам, пераможам!».
Дзесяцігоддзямі Лукаш Сцепанюк, больш вядомы пад мянушкай «Стэп», пакутаваў ад сурʼёзнай хваробы, але гэта ніколі не перашкаджала яму адстойваць тое, што лічыў правільным і важным, – піша Уршуля Палюховіч. – Яму заўсёды хапала энергіі і звыклай зычлівасці ў адносінах да другіх. Лукаш быў добрым журналістам, а яшчэ лепшым чалавекам. Да ўсяго, што рабіў, ён падыходзіў рашуча, прынцыпова і мудра. Многія, хто прыйшоў на вечарыну памяці, прысвечаную «Стэпу», падкрэслівалі, што заўсёды будуць удзячнымі за магчымасць называць яго сваім сябрам. – Я з Лукашам была знаёмая больш за дваццаць гадоў, ― сказала вакалістка Ілона Карпюк, ініцыятарка вечара памяці ў першую гадавіну яго смерці. ― Мы пазнаёміліся, калі я грала яшчэ ў школьным гурце «Гоман» у Гайнаўцы. І з гэтага гурту пачалося наша знаёмства. А пасля былі доўгія гады дзейнасці тут, на беларускай ніве. Лукаш часта бываў на канцэртах, запісваў іх для наступных пакаленняў. Ён заўсёды быў поўны энергіі, каб падтрымліваць, каб матываваць да працы. Важным акордам вечарыны быў выступ пісьменніка Уладзіміра Арлова, які супрацоўнічаў з Лукашам пры аўдыё– і відэазапісах. Літаратар падкрэсліў, што хаця ведаў Лукаша толькі некалькі месяцаў, застанецца ён надоўга ў ягонай памяці. На сцэне з канцэртам выступілі шматгадовыя сябры «Стэпа» Ілона Карпюк, Аляксандр Памідораў ды гурт «Рэлікт».
Нядаўна выйшла з друку кніга «Людзі і падзеі. Кляшчэлі 1991–2021», якой рэдактарам зʼяўляецца Марыя Клімовіч, былая дырэктарка Гарадскога асяродка культуры, – піша Аляксей Мароз. – Тэксты раней друкаваліся ў гміннай газеце «Што чуваць у гміне?», якую з 1991 года рэдагавала менавіта Марыя Клімовіч. У кнізе змешчаны размовы з цікавымі людзьмі, якія дзейнічалі ў карысць гміннай супольнасці, апісаны важныя падзеі з жыцця гміны за апошнія трыццаць гадоў. З кнігі можна даведацца пра гмінныя інвестыцыі, культурную, грамадскую дзейнасць, святкаванні. Увагу прыцягвае артыкул пра адкрыццё новага школьнага будынку ў 1996 годзе, спалучанае з ваяводскай інаўгурацыяй навучальнага года і ўдзелам прэмʼер-міністраў Польшчы і Беларусі. Вялікі і шыкарны школьны абʼект быў збудаваны, у галоўным, дзякуючы датацыі Міністэрства адукацыі, прызначанай на падтрымку дзейнасці беларускай нацыянальнай меншасці. У кляшчэлеўскай школе пастаянна вядзецца навучанне беларускай мове.
Віталь Луба