У рамках Трэцяга дэмаграфічнага кангрэса Канцылярыя прэм'ер-міністра зладзіла канферэнцыю, прысвечаную нараджальнасці – паведамляе Niezalezna.pl. «Мы шмат зрабілі, але патрэбная трывалая супраца ўсіх пакаленняў і спецыялістаў у розных галінах, каб распрацаваць доўгатэрміновую эфектыўную праграму павышэння нараджальнасці палякаў, праграму, якой будуць давяраць будучыя бацькі», – падкрэсліў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі.
Прэмʼер адзначыў, што прагнозы адносна будучыні нараджальнасці ў Польшчы «не аптымістычныя». У сваім лісце да ўдзельнікаў прэм’ер напісаў: «Дэмаграфічная стратэгія да 2040 года – гэта прапанова, яе галоўная мэта – выбрацца з пасткі нізкай нараджальнасці і наблізіцца да ўзроўню, які будзе гарантаваць замену пакаленняў праз рэалізацыю трох асноўных задач. Мы лічым, што ўмацаванне сямʼі, як месца нараджэння дзяцей, зняцце барʼераў на шляху патэнцыйных бацькоў і павышэнне якасці кіравання і рэалізацыі палітыкі на мясцовым і цэнтральным узроўні – фактары, якія варта развіваць».
Ён адзначыў, што ў рамках гэтых задач «вызначана яшчэ 12 крокаў, якія створаць умовы для прыняцця рашэнняў аб павелічэнні сямʼі».
нг