Беларуская Служба

Спецпрадстаўніца ААН: У Беларусі ўлады рэалізуюць палітыку помсты і чыстак

28.10.2022 19:43
Анаіс Марын, Cпецыяльны дакладчык па Беларусі ў ААН, правяла адмысловую прэс-канферэнцыя для журналістаў, падчас якой распавяла пра зафіксаваныя праблемы ў сферы правоў чалавека ў Беларусі.
Anas Marin, UN Special rapporteur on the situation of human rights in Belarus.
Anaïs Marin, UN Special rapporteur on the situation of human rights in Belarus.humanrightshouse.org

У пачатку сустрэчы Анаіс Марын распавяла, што асабіста яна ўжо чатыры гады не можа прыехаць у краіну – улады Беларусі не даюць ёй візы. Але і са свайго боку яны выкарыстоўваюць практыку «пустога месца», калі на прэзентацыі матэрыялаў па краіне, абмеркаваннях, няма прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска – яны папросту байкатуюць гэтыя сустрэчы.

Натуральна, што пасля падзей 2020 года ўся ўвага спецдакладчыка скіраваная на працэсы барацьбы з грамадзянскай супольнасцю, апазіцыяй.

Анаіс Марын падзялілася лічбамі, якія сабралі эксперты ААН: пасля падзей 2020 года больш за 35 тысяч чалавек былі затрыманыя і атрымалі арышты, штрафы. Цяпер сітуацыя перайшла ў сферу крымінальнай адказнасці.

Паводле яе слоў, адразу пасля выбараў з боку ўладаў Беларусі было шмат пагроз, рэпрэсій. А цяпер праводзіцца «палітыка чысткі» – улады імкнуцца ачысціць грамадства ад тых, хто ім не падабаецца: юрысты, праваабарончыя арганізацыі і гэтак далей.

Многія палітычныя апаненты былі наўпрост выціснутыя з краіны. Анаіс Марын згадала выпадкі са Святланай Ціханоўскай, якую самі прадстаўнікі ўлады вывезлі да мяжы з Літвою, выпадак з Марыяй Калеснікавай, якая адмовілася з’язджаць, парвала свой пашпарт і ў выніку знаходзіцца цяпер у жаночай калоніі, асуджаная на 11 гадоў зняволення.

Анаіс Марын сказала, што яна ў курсе падзей, якія адбываюцца вакол польскай меншасці ў Беларусі: пераслед актывістаў, закрыццё польскамоўных школ і г.д.

Беларусы выбралі трэці варыянт: масава пачалі з’язджаць з краіны.

Спецпрадстаўніца ААН гаворыць, што ў беларусаў было два варыянты ў святле падзей, якія разгортваліся паcля выбараў: займацца самацэнзурай ці сесці ў турму. Беларусы выбралі трэці варыянт: масава пачалі з’язджаць з краіны.

Гэтая палітыка падобная на помсту, гаворыць спецпрадстаўніца ААН па пытаннях Беларусі. Ідзе паляванне на ведзьмаў. Робяцца захады, каб дысідэнтаў выстаўляць небяспечнымі асобамі, тэрарыстамі, якія пагражаюць краіне. Гэта рабілася ў тым ліку і праз змену Канстытуцыі. Напрыклад, цяпер чалавек, які мае карту паляка, не можа прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта, у маі было зменена заканадаўства, уведзеныя дадатковыя артыкулы са смяротным пакараннем, што было зроблена з мэтай запалохвання «рэйкавых партызанаў». Уведзеныя нормы па завочным судам і магчымасць пазбаўляць грамадзянства.

Анаіс Марын адзначыла, што ёсць некалькі прыярытэтаў у дапамозе беларусам: гуманітарная дапамога, псіхалагічная. Другі момант: легалізацыі, працаўладкаванне.

З-за вайны ва Украіне многія беларусы даўно знаходзяцца ў «лісце чакання» на гуманітарную дапамогу. Яна патлумачыла, што ўлады краін, якія прымаюць, могуць «рабіць больш». "Але мы не можам іх абвінавачваць, таму што яны не вельмі разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Да таго ж ёсць плынь мігрантаў з-за вайны. Ім складана зразумець, каго і як падтрымліваць, якія рэсурсы на гэта выдзяляць", – тлумачыць яна. –

Другі прыярытэт звязаны з легалізацыяй. Гэта атрыманне віз, выдача відаў на жыхарства, дазволаў на працу, сацыяльнай абароны. Часта беларусы зʼязджаюць без дакументаў, а за мяжою яны не могуць пайсці ў консульства і атрымаць іх. Неабходна стратэгічнае планаванне.

Гуманітарныя візы даюцца на адзін год, і калі яны заканчваюцца, многія людзі не ведаюць, што рабіць. Яны ўсё яшчэ баяцца вяртацца ў Беларусь. Ёсць вялікія лісты чакання, паколькі ўрады краін, у якіх зараз апынуліся беларусы, атрымліваюць вельмі шмат запытаў. І ў іх абмежавана колькасць людзей, якія могуць апрацоўваць гэтыя запыты.

Акрамя таго, ёсць спецыфіка беларускіх пашпартоў. Калі пашпарт заканчваецца або калі ў ім няма пустых старонак, абмен дакументу на новы магчымы толькі ў тым выпадку, калі ў чалавека ёсць пастаянны від на жыхарства за мяжой. Калі ж ён часовы, чалавеку гавораць ісці ў консульства, ехаць у Мінск, мяняць пашпарт і чакаць некалькі месяцаў. Наколькі я разумею, гэта можа заняць вельмі шмат часу, і беларусы не адчуваюць сябе ў бяспецы, – дадала спецдакладчык ААН.

вх