Беларуская Служба

Адна з «Партызанак»

24.11.2023 11:57
Адна з першых у Польшчы пачала дапамогу беларускім уцекачам. Разам з сяброўкамі ў першыя дні вайны прыйшла на дапамогу ўцекачам з Украіны. Дагэтуль працягвае сваю дзейнасць. А яшчэ займаецца навукай, працуе…
Аўдыё
  • Яна Шостак даволі вядомая асоба сярод беларусаў у Польшчы. Хаця пра сябе гаворыць даволі сціпла.
Лагатып «Партызанкі».

«Партызанка» пачынала з дапамогі беларускім уцекачам

Яна Шостак даволі вядомая асоба сярод беларусаў у Польшчы. Хаця пра сябе гаворыць даволі сціпла. Нарадзілася і скончыла школу ў Гродне. З 17 гадоў жыве ў Польшчы, атрымала польскае грамадзянства. Скончыла дактарат з мастацтва і зараз выкладае ў Акадэміі мастацтваў, а таксама працуе мастачкай.

Яна стала вядомай пасля шэрагу артыстычных акцый: пэрфоманс «Хвіліна крыку для Беларусі», прапановай увесці слова ў польскую мову «новак» замест «уцекач» і стварыла сукенку, якая складаецца з 1280 партрэтаў палітвязняў.

Але сёння мы з Янай размаўляем на іншую тэму. Яна адна з тых, хто ў 20-ым годзе спрычынілася да стварэння ў Польшчы грамадзянскага руху «Партызанка». І ўжо на працягу трох гадоў працягвае разам з іншымі валанцёрамі аказваць пасільную дапамогу ўцекачам з Беларусі і Украіны.

Яна распавядае, што падчас выбараў знаходзілася ў Гродне, удзельнічала ў пратэстах. Праз нейкі час, калі людзі ўжо пачалі з’яджаць ад пераследу, зарыентавалася, што трэба наладжваць ім дапамогу ў Польшчы.

-І менавіта тады сустрэла першых чацвёра ўцекачоў, якія мелі праблемы з тым, што найперш трэба рабіць у іх сітуацыі – куды звяртацца за Міжнароднай аховай, дзе наагул шукаць хоць нейкую дапамогу. І тады з неабыякавымі сяброўкамі пачалі ствараць гарызантальную структуру, якую назвалі «Партызанка» і якая перш за ўсё мела на мэце – дапамагаць уцекачам.

Галоўнае было дапамагчы

Напачатку, як згадвае Яна, даводзілася займацца практычна ўсім, паколькі большасць уцекачоў не арыентаваліся ў новай для іх краіне.

-Займаліся ўсім: ад збору рэчаў для ўцекачоў да стварэння канкрэтнай інструкцыі. Да прыкладу: куды звяртацца за Міжнароднай аховай, якія дакументы дзеля гэтага рыхтаваць, дзе шукаць іншыя арганізацыі, якія аказвалі фінансавую дапамогу і многае іншае.

Дзеля больш эфектыўнай працы «Партызанкі», яе сябры прыдумалі ўласную структуру, падзялілі дзейнасць на розныя накірункі па якіх патрабавалася ўцекачам дапамога.

-Я, да прыкладу, займалася ў Міністэрстве працы і дапамагала людзям уладкоўвацца на працу. Дзякуючы намаганням нашай юрысткі Ганны Маціеўскай, якая працавала ў нашым Міністэрстве справядлівасці, дзякуючы яе інтэрпрэтацыі закону, людзі, якія атрымлівалі гуманітарную візу аўтаматычна атрымалі права на працу.

Справа ў тым, што напачатку ўцекачы, якія атрымлівалі гуманітарныя візы, не мелі права працаваць. Потым змянілася права, але праз тое, што трэба было супаставіць і зінтэрпрэтаваць некалькі нарматыўных актаў, працадаўцы не мелі ўпэўненасці, ці могуць браць беларусаў з гуманітарнымі візамі на працу без дазволу на працу. Але дзякуючы інтэрпрэтацыі закона юрысткай «Партызанкі» з 1 снежня 2020 году ўцекачы з гуманітарнымі візамі атрымалі права на працу, карыстаючыся ў размовах з працадаўцамі інтэрпрэтацыяй, што значна аблягчыла іх знаходжанне ў Польшчы.

Пазней яна ж падрыхтавала інтэрпрэтацыю датычную права працаваць для тых, хто знаходзіцца ў працэсе атрымання Міжнароднай абароны і мае візу. Гэта было важна, таму што часам уцекачы атрымлівалі неактуальную інфармацыю ад пагранічнай службы аб поўнай забароне працы і што іх віза нядзейсная ад пачатку справы аб міжнароднай ахове.

Рабілі тое за што іншыя не браліся

Яна згадвае з якімі складанасцямі даводзілася сутыкацца іх Міністэрству адукацыі. Уцекачы, якія прыязджалі ў Польшчу з сем’ямі часта не мелі дакументаў, у дзяцей не было ніякіх даведак з адзнакамі аб тым колькі класаў яны скончылі. І іх у сярэдзіне навучальнага году даводзілася ўладкоўваць у польскія школы. Валанцёры з «Партызанкі» самі хадзілі і размаўлялі з дырэктарамі школ, пераконвалі іх, прасілі і тлумачылі.

-Іншыя фонды такое вельмі рэдка рабілі, бо гэта даволі складаная праца і займае вельмі шмат часу.

Дарэчы, у многім дзякуючы Яне была створана камісія на ўзроўні гораду Варшава, якая дапамагала ўладкоўвацца дзецям уцекачоў у школы ў такіх сітуацыях. Дарэчы, «Партызанка», паводле Яны, дзейнічала не толькі ў Варшаве, але і іншых гарадах Польшчы, там, дзе патрабавалася іх дапамога.

Існавала ў «Партызанцы і Міністэрства польскай мовы. Марта, якая займалася гэтым працэсам, здолела для 70 навучэнцаў згодна з іх узростам, родам дзейнасці і інтарэсамі знайсці столькі ж носьбітаў мовы, якія ў парах здзяйснялі навучанне.

-І тэарэтычна і практычна 70 пар займаліся вывучэннем польскай мовы, што дало свой плён. Дарэчы, гэта практыка шмат у чым зблізіла людзей. І гэта хоць і невялікая, але ўсё ж значная частка інтэграцыйнага працэсу, якую б хацелася пашыраць.

У першыя дні вайны апынуліся на мяжы: каб дапамагаць

Адчувалася і дапамога палякаў, паводле маёй суразмоўніцы. Людзі прыносілі рэчы, нехта прапаноўваў свае кватэры для жылля, некаторыя дапамагалі грашыма. А адна з польскіх фірмаў пагадзілася на працягу года прафінансаваць тры стаўкі супрацоўнікам для правядзення інфалініі, якая дзейнічала і дзейнічае дагэтуль.

У лютым 2022 году валанцёркі з «Партызанкі» сярод першых аказаліся на польска-украінскай мяжы, каб дапамагаць уцекачам, якія ратаваліся ад вайны.

-Мы стварылі там групу, якая вітала людзей і давала ім першую неабходную для іх інфармацыю. Акрамя гэтага тлумачылі, што мы беларусы, але не з Лукашэнкам, а разам з імі. І ў той самы час дапамагалі ім усім неабходным на мяжы.

Валанцёры «Партызанкі» акрамя інфармацыйнай дапамогі арганізавалі для ўкраінскіх уцекачоў дапамогу з харчоў, элементарных бытавых рэчаў, хаця самі напачатку наагул не мелі нават дзе жыць. Яна згадвае, што многія з-за моцнага эмацыйнага ўздзеяння не маглі там знаходзіцца больш за трое сутак і працавалі на змену. Пазней удалося арганізаваць для іх жыллё і стала лягчэй.

-Больш за 90 нашых валанцёраў за ўвесь час было на мяжы. Гэта былі перш за ўсё беларусы, якія самі ўцяклі ад рэжыму і мусілі з’яжджаць з Украіны, а таксама прыязджалі тыя, хто ўжо жыў даўно ў Еўропе. Дзейнічалі насамрэч 24 гадзіны ў суткі на працягу тыдня праз 6 месяцаў. І, ведаеце, там не было ні хвілінкі, каб думаць аб нечым іншым акрамя таго, як дапамагаць людзям.

Фота з архіву Яны Шостак.
Фота з архіву Яны Шостак.

«Партызанка» існуе на вашы данаты

Цяпер, праз тры гады пасля падзей у Беларусі, паводле Яны, да іх за дапамогай стала звяртацца менш людзей. Але «Партызанка» імкнецца падыходзіць да тых самых праблемаў ужо на больш глабальным узроўні, комплексна, каб дапамогу адчувалі не адзінкі, а сотні і тысячы ўцекачоў.

-Хаця адначасова 10-20 чалавек кожны дзень звяртаюцца за дапамогай на кругласутачную інфалінію і канал тэлеграмм: +48600384500.

І мы замяняем працу тых людзей, якія стаяць пад адміністрацыямі і за 4-6 тысяч злотых прапануюць дапамагчы падаваць дакументы на Міжнародную ахову. А нашыя Партызанкі робяць гэта задарма.

Яна кажа, што цяпер «Партызанка» існуе пераважна, як інфармацыйная інфалінія, паколькі дзейнічаць шырокім фронтам, як напачатку немагчымы. Цяпер яны не займаюцца зборам і раздачай адзення, пошукам кватэраў, затое дапамагаюць шукаць месцы для лячэння ці праходжання рэабілітацыі былым беларускім палітзняволеным.

Фонд «Партызанка», як заўважае Яна, прыватная арганізацыя, не мае ніякіх грантаў, а іх інфалінія працуе на данатах. (Падтрымаць інфалінію «Партызанкі» можна тут).

На развітанне, цікаўлюся ў Яны – а як з прыватным жыццём, ці ёсць яно?

-З гэтым дагэтуль складана… Я магла ўключыцца ў валанцёрства дзякуючы таму, што атрымала навуковую стыпендыю на тры гады. Канешне, хацелася б прыехаць у Гродна, але ўсе вернемся калі-небудзь у вольную Беларусь.

Павел ЗАЛЕСКІ