Міністр юстыцыі Адам Боднар анансуе працу над рашэннямі, якія забяспечаць максімальную эфектыўнасць барацьбы са злачыннасцю на польскіх дарогах. У тым ліку, будзе разгледжана магчымасць унясення забойства на дарозе ў каталог правапарушэнняў і стварэння сістэмы выяўлення асобаў, пазбаўленых правоў на кіраванне транспартнымі сродкамі, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Паводле стваральніка партала Brd24.com Лукаша Збаральскага, рэестр кіроўцаў, якім суд не дазволіў кіраваць аўтамабілем, можа быць створаны па ўзоры публічнага рэестру педафілаў. «Кожны змог бы праверыць, у каго такая забарона. Лавіць людзей, якія не маюць права кіраваць аўтамабілем, было б прасцей», - сказаў Збаральскі ў інтэрв'ю газеце.
Паводле газеты, сістэма накладання штрафаў на парушальнікаў недасканалая. Вялікая колькасць кіроўцаў карыстаюцца прабеламі ў правілах - не прызнаюцца ў тым, што кіравалі транспартным сродкам або называюць прозвішчы людзей з-за мяжы. У такіх сітуацыях паліцыя накіроўвае позвы ў суды, якія аднак не заўсёды ўспрымаюць адмову ад указання кіроўцы, як правапарушэнне.
Таму, напрыклад, Міністэрства інфраструктуры хоча вяртацца да ідэі, што ўладальнік аўтамабіля, які трапіў на камеру хуткасці і атрымлівае просьбу дапамагчы ўстанавіць асобу кіроўцы, павінен адказаць на яе цягам 14 дзён. Калі ён гэтага не зробіць у вызначаным тэрміне, то адміністрацыйнае спагнанне будзе накладзенае менавіта на яго.
аз