Ці вы задавалі калі-небудзь пытанне, чаму нам так лёгка ўспомніць, напрыклад, свой першы пацалунак, але цяжка прыгадаць, што мы елі на вячэру два тыдні таму? Чаму так адбываецца? Што прымушае нас успамінаць дзяцінства і юнацтва як «лепшыя часы»?
Спецыялісты зрабілі выснову, што памяць вызначае тое, як мы рэагуем на паўсядзённыя выклікі, што думаем пра сябе і як успрымаем наваколле. Але не менш важны яшчэ адзін элемент памяці — забыццё. Выявілася, сляды памяці, звязаныя з першай падзеяй, лепш замацоўваюцца. Даследчыкі таксама заўважылі, тое, што чалавек лічыць няважным, выдаляецца, быццам бы гэта смецце для нашай памяці.
Разумны чалавек забывае больш
Забыццё важнае настолькі ж, як і запамінанне, тлумачыць псіхолаг доктар Бэата Райба з Вышэйшай школы прафесійнай адукацыі ва Уроцлаве.
— Большасць з нас забывае натуральным шляхам, таму што мы проста «ачышчаем» запасы памяці. Мы таксама забываем траўматычныя падзеі: гэта крыху нас абараняе. Аднойчы я праводзіла даследчы праект, падчас якога размаўляла з жанчынамі адразу пасля іх родаў. Увесь час усплывалі словы «кашмар», «трагедыя», «жудасны боль», «фізічныя і душэўныя пакуты». А калі я вярнулася да іх праз год і запытала пра роды, то пачула: «Гэта быў самы шчаслівы дзень у маім жыцці». Парадаксальна, але людзі з больш высокім інтэлектам забываюць больш, таму што мозг працуе больш эфектыўна. Гэта азначае, што ён забывае няважныя рэчы.
Розныя аспекты памяці
Распаўсюджана меркаванне, што чалавечая памяць — гэта як велізарная бібліятэка з трыльёнамі кніг памяці пра падзеі. Але гэта памылковае меркаванне. Калі чалавек нешта адчувае, сэнсарная сістэма ператварае гэтую інфармацыю ў нервовыя імпульсы і перадае іх у мозг. Тое, як мы падзяляем памяць, залежыць ад некалькіх аспектаў: адзін з іх — час і звязаная з ім кароткатэрміновая і доўгатэрміновая памяць. Але гэта яшчэ не ўсё, кажа навуковец-кагнітывіст Марцін Жондэчка з універсітэта UMCS у Любліне.
— Калі размова ідзе пра аспект, звязаны са зместам, то існуюць розныя тыпы памяці. Напрыклад, семантычная памяць звязаная са зместам і запамінаннем слоў замежнай мовы. У нас ёсць таксама памяць, звязаная з запамінаннем узору рухаў, яна самая трывалая. Напрыклад, калі мы навучымся ездзіць на ровары, то, каб прыгадаць гэты навык, спатрэбіцца мала часу. Мы называем гэта працэдурнай памяццю, яна звязана з пэўнымі маторнымі мадэлямі, такімі як плаванне, раней згаданая язда на ровары, баявое майстэрства і нават завязванне матузкоў.
Які механізм памяці пра першае спатканне, выпускны экзамен у сярэдняй школе або першы адпачынак без бацькоў? — Гэта эмоцыі, і гэта яны захоўваюць успаміны, — тлумачыць доктар Бэата Райба
— Першы пацалунак звязаны з асаблівымі эмоцыямі. Гэта ўнікальная падзея. Аднак мы не заўсёды ўсё памятаем. З часам у памяці застаюцца добрыя ўспаміны. Мы схільныя памятаць добрыя рэчы. Гэтая тэндэнцыя ўзмацняецца на парозе выхаду на пенсію. Прыкладна ва ўзросце 50 гадоў запасы памяці аднаўляюцца, чалавек памятае больш рэчаў з перыяду, калі яму было 10-30-гадоў, але толькі добрыя. Гэты механізм, як бы, дазваляе падвесці вынікі жыцця і сказаць, што яно не было дрэнным.
Добра і надоўга запамінаць рознага віду дэталі — гэта дрэнна, тлумачыць Марцін Жондэчка.
— Мы не ведаем межаў чалавечай памяці, не ведаем, што вырашае магчымасці і абмежаванні, звязаныя з запамінаннем. Ёсць людзі, якія валодаюць фатаграфічнай памяццю, яны памятаюць усе элементы свайго жыцця, у тым ліку тое, што яны елі на сняданак 13 сакавіка 2022 года, але такія людзі звычайна змагаюцца з праблемамі псіхічнага здароўя.
— Схільнасць забываць дазваляе нам не толькі працаваць больш эфектыўна, але, перш за ўсё, дазваляе лепш жыць. Забываць — гэта мець магчымасць выкінуць з памяці тое, што было цяжкім, — тлумачыць д-р Бэата Райба.
Такім чынам нервовая сістэма, мозг чалавека з дапамогай памяці падтрымліваюць ягоную псіхічную раўнавагу.
яс/ПР3/Моніка Сушэк