Gazeta Wyborcza піша пра кіроўцу, па віне якога год таму загінула цэлая сям’я, паколькі ён ехаў з хуткасцю 253 кіламетры ў гадзіну, ударыў у іншую машыну на шашы, у выніку чаго той аўтамабіль загарэўся. Себасцьян Майтчак (Sebastian Majtczak) хаваецца ад польскага правасуддзя ў Дубаі. Ён, праз сваю юрыстку, патрабуе выдаліць з выдання тэксты, у якіх ён названы вінаватым у трагедыі, у якой загінула сямʼя з трох чалавек, у тым ліку пяцігадовае дзіця. Ён таксама патрабуе 150 тысяч злотых кампенсацыі за «парушэнне яго асабістых правоў».
У тэкстах Майтчаку не падабаюцца: «звесткі пра тое, што год таму ён забіў на сваім BMW сям’ю з трох чалавек», называнне яго чалавекам, які «здзейсніў забойства» і не быў пакараны і «прадстаўляе ілжывую і недакладную інфармацыю [«Выборчай»].
У лісце таксама ёсць агаворкі наконт каментару «Выборчай» пра тое, што справа зʼяўляецца «прыкладам беспакаранасці багатага чалавека, які здзейсніў правапарушэнне». Адвакат Майтчака аргументуе, што аб віне або невінаватасці можа вырашаць толькі суд, а не СМІ.
Выданне піша таксама, што па інфармацыі тэлестанцыі TVN, у суды ўжо былі пададзеныя 27 пазоваў агульнай сумай 500 тысяч злотах кампенсацыі для сям’і Майтчака, якая лічыць сябе пакрыўджанай у выніку публікацый у СМІ.
«Нахабства, ганарыстасць. Бачна, што беспакаранасць выклікае пачуццё, што ўсё дазволена», – каментуе справу юрыст Лукаш Кавальскі, які прадстаўляе сваякоў смяротных ахвяр ДТЗ.
Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі размаўляў на гэтую тэму з прадстаўніком Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, прасіў, каб дзяржава дэпартавала Майтчака ў Польшчу. Яму пагражае турэмны тэрмін – ад шасці месяцаў да васьмі гадоў зняволення.
нг