Узнагароду музыкам з гурта NaviBand Ксеніі Жук і Арцёму Лук’яненку ўручала лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.
Гурт NaviBand стаў лаўрэатам прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава
Прэмію «За свабоду думкі» заснаваў у 2008 годзе палітык і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч. Шмат гадоў прэмію ўручалі на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне.
«Адраджаюцца сімвалы і гэта вельмі важна. Ідзе паўзучая анексія нашай краіны. Ідзе знішчэнне Беларусі. Людзі кажуць: дзе зрухі, дзе перамены? Галоўнае — не згубіць дух, не згубіць сілу волі. Я вельмі рады, што прэмія адраджаецца. Мы мусім перамагчы!» — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
Прэмія «За свабоду думкі» была заснаваная ў 2008 годзе палітыкам, грамадскім дзеячом Аляксандрам Мілінкевічам.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская прызналася, што NaviBand — яе любімы гурт, і цяпер яна сама знаёміцца з беларускай культурай і гісторыяй, бо раней не мела такой магчымасці.
«Па-шчырасці, я многім з вас зайздрошчу, бо я толькі зараз адкрываю для сябе Беларусь нанова. У мяне не было ў дзяцінстве беларускамоўных кніжак ці беларускамоўных сяброў. Я не адрывалася на канцэртах Лявона Вольскага, у нас не было "талеркі" з Белсатам. І мне не давялося пабываць на радзіме Васіля Быкава ў Бычках. Але паверце, я ўсё навярстаю, у тым ліку дзякуючы вам усім. У кожнага свой шлях да беларушчыны, і гэта нармальна. Важна, што ў нас адна мэта на ўсіх. І цяпер, калі ў самой Беларус нацыянальная культура пераследуецца і вынішчаецца, каб дагадзіць рускаму міру, нам як ніколі важна шанаваць і бараніць сваё. Адзін лаўрэат прэміі „За свабоду думкі“ мастак Алесь Пушкін быў забіты ў турме. Два лаўрэаты — Павал Севярынец і Зміцер Дашкевіч — знаходзяцца за кратамі. Мы будзем рабіць усё дзеля іх вызвалення», — запэўніла Святлана Ціханоўская.
Лаўрэатамі прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў розныя гады былі:
- Паэты і пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў.
- Літаратар, грамадскі дзеяч Павал Севярынец.
- Мастакі: Алесь Пушкін, Алесь Марачкін.
- Краязнаўцы: Ада Райчонак, Алесь Белакоз.
- Музыкі і выканаўцы: Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, бард і акцёр Віктар Шалкевіч.
- Рэжысёр Валер Мазынскі.
- Грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч.
NaviBand — беларускі гурт, які з 2013 года спявае ў жанры інды-поп і фолк-рок. Яны прадстаўлялі Беларусь на конкурсе песні «Еўрабачанне 2017» з песняй на беларускай мове «Гісторыя майго жыцця».
вх