Слухайце далучаны файл!
У аўторак у Стакгольме сёлетнія лаўрэаты Нобелеўскай прэміі атрымалі залатыя медалі і каліграфічныя дыпломы з рук караля Швецыі Карла XVI Густава.
Нобелеўская прэмія па фізіцы прысуджана сумесна амерыканцу Джону Дж. Хопфілду (John J.Hopfield) (Прынстанскі ўніверсітэт) і брытанска-канадскаму вучонаму Джэфры Э. Хінтану (Jefrry E.Hinton) (Універсітэт Таронта) за «фундаментальныя адкрыцці і вынаходніцтвы, якія дазваляюць машыннае навучанне з дапамогай штучных нейронавых сетак».
Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па хіміі сталі амерыканец Дэвід Бэйкер (David Baker) і двое брытанцаў Дэміс Хасабіс (Demis Hassabis) і Джон М. Джампер (John M. Jumper) за праектаванне і прадказанне трохмернай структуры бялкоў.
Біёлагі Віктар Амброс (Victor Ambros) і Гэры Руўкун (Gary Ruvkun) з ЗША атрымалі прызнанне ў галіне медыцыны за «адкрыццё мікраРНК і яе ролі ў рэгуляцыі актыўнасці генаў пасля транскрыпцыі».
Грашовая частка Нобелеўскай прэміі складае 11 мільёнаў шведскіх крон (каля 4,2 мільёна злотых).
Мацей Кавэцкі, кіраўнік Цэнтра інавацый Універсітэта банкаўскай справы WSB Merito у Познані, прэзідэнт Інстытута імя Станіслава Лема, сустрэўся ў Стакгольме з нобелеўскімі лаўрэатамі. Ён паехаў у Стакгольм са спецыяльнай місіяй — шукаў сувязі з Польшчаю. Пра сваю паездку Кавэцкі распавёў у эфіры Польскага радыё.
— Польскія сувязі ёсць. Я б, канечне, марыў, каб гэта была Нобелеўская прэмія для польскага навукоўца. Апошняя прэмія Нобеля ў галіне навукі была прысуджаная ў 1911 г. у галіне хіміі Марыі Складоўскай-Кюры. Сёлета лаўрэат — прафесар Віктар Амброс, паляк па паходжанні. Яго бацька Леапольд Амброс нарадзіўся ў Польшчы. Прафесар звязаны з Польшчай, ён крыху гаворыць па-польску, бывае ў Польшчы. Віктар Амброс атрымаў Нобелеўскую прэмію за мікраРНК, г.зн. за тую частку нашага геному, якая адказвае за экспансію генаў, ці, прасцей кажучы, за ўсё, што працуе ў нашым арганізме. Гэта дадзеныя ў нашым целе, якія кажуць бялкам, што рабіць. За гэта ён атрымаў Нобелеўскую прэмію.
Сёлетні лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы праф. Джон Хопфілд таксама мае польскія карані. Яго бацька, Джон Хопфілд, нарадзіўся ў Кучбарку ў Польшчы (Царства Польскае), адкуль выехаў у ЗША.
John J.Hopfield
— Гэта адзін са стваральнікаў штучнага інтэлекту. Ён атрымаў Нобелеўскую прэмію разам з Джэфры Хінтанам. Прафесар Хопфілд мае вельмі дрэнны стан здароўя — яму больш за 90 гадоў. На жаль, у мяне не атрымалася з ім паразмаўляць. Гэта адзіны нобелеўскі лаўрэат, з якім я не размаўляў.
Мацей Кавэцкі на прэс-канферэнцыі Нобелеўскага камітэта задаў пытанне Джэфры Хінтану, стваральніку сінтэтычных нейрасетак, які даў пачатак штучнаму інтэлекту, ці ён не шкадуе аб тым, што спрычыніўся да ўзнікнення штучнага інтэлекту?
— Ён адказаў вельмі смела, сказаў, што ў бліжэйшыя пяць-дзесяць гадоў на свет паўплывае моцны штучны інтэлект, так званы звышчалавечы штучны інтэлект. Хінтан сказаў, што, несумненна, мы павінны звярнуць увагу на пагрозы, якія ёсць і будуць у сувязі з АІ. Даследчык таксама сказаў, што распрацоўка штучнага інтэлекту пераўзышла яго чаканні. Ён, як бацька штучнага інтэлекту, не чакаў, што развіццё пойдзе настолькі хуткімі тэмпамі. Маё другое пытанне пра тое ж самае было да Дэміса Хасабіса. Брытанскі інфарматык, заснавальнік DeepMind, таксама сказаў, што ў бліжэйшыя пяць гадоў ён чакае інтэнсіўнага, хуткага развіцця штучнага інтэлекту.
Доктар Мацей Кавэцкі, адзначыў, што сёлетняя Нобелеўская прэмія была асаблівай па некалькіх прычынах...
— Яна ўнікальная перш за ўсё таму, што Нобелеўскія прэміі па хіміі — гэта Нобелеўскія прэміі за даследаванні, праведзеныя некалькі гадоў таму. Дэміс Хасабіс атрымаў Нобелеўскую прэмію за базу дадзеных, якая была створана ў 2018 годзе. У мінулым нам даводзілася чакаць Нобелеўскіх прэмій некалькі дзясяткаў гадоў, каб можна было пацвердзіць іх уплыў на развіццё чалавецтва. Гэта дэвіз Альфрэда Нобеля — гэта мусіць быць фундаментальнае даследаванне, якое ўплывае на чалавецтва. Штучны інтэлект прывёў да таго, што вынікі базы дадзеных — самага вялікага збору з двухсот мільёнаў бялкоў — ужо змяняюць свет. Яшчэ адно адрозненне ў тым, што ранейшыя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі былі сталымі навукоўцамі, а Джону Джамперу, амерыканскаму навукоўцу, які працуе ў DeepMind, 38 гадоў. Дэміс Хасабіс не нашмат старэйшы. Чарговая нечаканасць — інфарматыкі атрымалі Нобелеўскую прэмію па фізіцы за стварэнне сінтэтычных нейронных сетак. Да таго ж Джэфры Хінтан зусім не фізік, ён інфарматык, але называе сябе перш за ўсё псіхолагам. Псіхолаг атрымлівае Нобелеўскую прэмію па фізіцы за штучны інтэлект, які з'яўляецца ўвасабленнем законаў фізікі, але за гэтым стаіць не фізіка, а матэматыка.
Такім чынам, бачна, што Нобелеўскі камітэт мяняе сваё мысленне, спрабуючы ісці з духам часу.
Нобелеўская цырымонія прайшла 10 снежня ў Стакгольмскай філармоніі. Інтэр'ер традыцыйна ўпрыгожылі кветкамі, падоранымі італьянскім горадам Сан-Рэма, дзе 10 снежня 1896 года памёр заснавальнік прэміі Альфрэд Нобель.
PR1/яс