Еўрапейскія краіны адна за адной аднаўляюць усеагульную вайсковую павіннасць. Як піша Dziennik Gazeta Prawna, у апошнія дні да гэтага кола далучылася Харватыя, а неабходнасць узмацнення арміі прызналі і белгійскія ўлады, якія з 1994 года абапіраліся выключна на прафесійнае войска.
Паводле польскай газеты, усё больш дзяржаў робяць стаўку на вяртанне розных формаў абавязковай службы, каб хутчэй папоўніць рэзерв. Такі крок ужо зрабілі балтыйскія краіны, Швецыя, Нарвегія, Данія і Фінляндыя. У Швецыі, напрыклад, войска абірае частку моладзі для абавязковага навучання. Турцыя і Грэцыя ніколі не адмаўляліся ад усеагульнага прызыву.
У Польшчы таксама гучаць галасы за рэформу сістэмы падрыхтоўкі рэзервістаў. Ініцыятыву падтрымлівае, у прыватнасці, былы начальнік Генштаба Войска Польскага генерал Леон Камарніцкі. Афіцэр лічыць, што неабходна стварыць «поўнасцю нацыянальную сістэму абароннай адукацыі».
На яго думку, у школах варта ўвесці праграму падрыхтоўкі да службы, а пасля заканчэння сярэдняй адукацыі маладыя людзі павінны праходзіць ваеннае навучанне, якое павінна трываць некалькі месяцаў і толькі пасля яго можна будзе паступаць у ВНУ ці працаваць у дзяржаўных структурах.
Dziennik Gazeta Prawna адзначае, што падобная дыскусія разгортваецца і ў Германіі, дзе разглядаюць змешаную мадэль – спалучэнне добраахвотнага набору і магчымасці абавязковага прызыву ў выпадку дэфіцыту кадраў.
эж