Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ружа Чацка. Гісторыя жанчыны, якая страціла зрок, але знайшла сілу, каб радавацца жыццю і выконваць місію дапамогі іншым

13.09.2026 15:30
У 150-ю гадавіну з дня нараджэння піянеркі польскай тыфлалогіі, якая прысвяціла сябе служэнню сляпым і развіццю навукі аб невідучых у Польшчы, Сенат Рэспублікі Польшча абвясціў гэты год Годам маці Чацкай.
Аўдыё
  • Ружа Чацка. Гісторыя жанчыны, якая страціла зрок, але знайшла сілу, каб радавацца жыццю і выконваць місію дапамогі іншым
Ружа ЧацкаAutorstwa Nieznany – Fotografia z Archiwum Zgromadzenia FSK - skan mój, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=12492082

Яна была заснавальніцай Кангрэгацыі францысканак Служак Крыжа і сузаснавальніцай Таварыства па доглядзе за сляпымі. 12 верасня 2021 года ў Варшаве маці Ружу Чацкую бэатыфікавалі.

Яе справа — Цэнтр адукацыі і выхавання для сляпых дзяцей у Лясках пад Варшавай, які працуе ўжо больш за 100 гадоў і носіць імя Ружы Чацкай.

Гісторыя жыцця Ружы Чацкай незвычайная. Гэта гісторыя жанчыны, якая страціла зрок, але знайшла сілу, каб радавацца жыццю і выконваць місію дапамогі іншым.

Ружа нарадзілася ў Белай Царкве (Украіна) здаровай дзяўчынкай. Калі ёй споўнілася сем гадоў, бацька вырашыў пераехаць у Варшаву, паколькі ён адказваў за будаўніцтва чыгункі Вена-Варшава. Але Ружа глыбока сумавала па родных землях, іх прыгажосці, пахах і конях.

Улетку Ружа не заставалася ў Варшаве, а вярталася туды, дзе нарадзілася. Дзяўчына любіла ездзіць верхам. Ва ўзросце 22 гадоў яна падае з каня. Падзенне было моцным і гвалтоўным настолькі, што ў яе адарвалвся сятчатка. Яна губляе зрок. Для яе бацькоў тое, што здарылася, — вялікая трагедыя, а таксама сорам. Яны возяць Ружу па розных замежных афтальмалагічным цэнтрах, шукаючы дапамогі.

Аднак толькі польскі лекар меў адвагу сказаць праўду і пэўныя словы, якія пачалі мяняць жыццё Ружы, расказвае сястра Ангеліка Джос з Лясак.

— Тут нічога не зробіш, маладая паненка не верне зроку. І калі Ружа выходзіць ад лекара, ён кажа адну фразу, якая глыбока адгукаецца ў Ружы: «Мы павінны клапаціцца пра сляпых». Ружа, як маладая графіня, перажывае гэтую страту зроку. Яна замыкаецца ў пакоі на тры дні, неверагодна сімвалічна для нас, тры дні Хрыста ў магіле. Яна плача, пытаецца ў сябе, пытаецца ў Бога, як мне цяпер жыць у цемры? І ўявіце сабе, апошнія словы доктара адгукаюцца рэхам: «Мы павінны клапаціцца пра сляпых». І тады Ружа едзе ў Францыю, у Інстытут Брайля. Там сустракае сляпога вучня Брайля. Паміж двума сляпымі людзьмі адбываецца цудоўны дыялог, а Ружа чуе: «Мадам, чалавек, які бачыць, і сляпы чалавек нічым не адрозніваюцца. Яны аднолькавыя, яны любяць аднолькава, яны плачуць аднолькава, яны пакутуюць аднолькава. Яны функцыянуюць па-рознаму, і так, ім патрэбна абсталяванне». І для Ружы гэта было так, быццам хтосьці раптам адчыніў дзверы. Ёсць надзея.


Ружа, прыкладна 1890 год. Autorstwa Jan Mieczkowski – archiwum Róży Czackiej Zgromadzenia Sióstr Franciszkanek Służebnic Krzyża, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=109476126
Ружа, прыкладна 1890 год. Autorstwa Jan Mieczkowski — archiwum Róży Czackiej Zgromadzenia Sióstr Franciszkanek Służebnic Krzyża, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=109476126

Ружа Чацка вырашае наведаць розныя цэнтры для сляпых у Еўропе: Бельгіі, Швейцарыі, Аўстрыі і Германіі. Паўсюль, дзе толькі магчыма, яна імкнецца атрымаць веды і вопыт. Ружа хоча грунтоўна падрыхтавацца да выкліку, які стаіць перад ёй. І ў 1911 годзе сляпая графіня Ружа Чацка заснавала ў Варшаве Таварыства па доглядзе за сляпымі.

Ружа Чацка (сястры Альжбета), Варшава, 1918. Autorstwa Nieznany — Archiwum Róży Czackiej Zgromadzenia Sióstr Franciszkanek Służebnic Krzyża, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=110100390

Ружа піша праграму, якая сёння гучыць натуральна: школы розных відаў, майстэрні, агенцтвы па працаўладкаванні, інфармацыйна-кансультацыйныя бюро, бальніцы, амбулаторыі, друкарні і выдавецтвы. Але гэта быў 1911 год. Таму яе праграма была больш, чым наватарскай, гаворыць сястра Марта Скачыляс.

— Сітуацыя для сляпых у той час была вельмі складанай. Яны не маглі рэальна працаваць, бо не было падыходзячай працы і ў іх не было неабходных навыкаў. Іх асноўным заняткам было проста жабраванне каля храма, яны маглі існаваць дзякуючы міласціне ад іншых. І маці Чацкай самой давялося даведацца, што такое быць сляпой. Яна вывучыла шрыфт Брайля на падушачцы для іголак. Яна была такім вынаходлівым, інавацыйным чалавекам, а пазней адаптавала шрыфт Брайля з французскай мовы на польскую. Такім чынам, кругагляд маці Чацкай быў шырокім. Менавіта падчас гэтых падарожжаў яна сустрэла Марыса дэ ла Сізерона, і яго канцэпцыя захапіла яе. Маці Чацка выявіла, што адчувае тое ж самае: што хоча стварыць твор, які не проста даваў бы сляпым людзям магчымасць існаваць тут і цяпер, гэта значыць проста нешта паесці і апрануць. Яна не хацела філантропіі. Яна хацела чагосьці, што дазволіла б сляпым людзям стаць на ногі і быць незалежнымі, самастойнымі. Каб яны мелі магчымасць быць паўнавартаснымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця.

З аднаго боку, Ружа Чацка займаецца сляпымі, але з іншага, яна хоча данесці да відушчых людзей, што быць іншым — гэта не тое ж самае, што быць лепшым ці горшым.

Так склалася, што падчас Першай сусветнай вайны Ружа Чацка знаходзілася ў Жытоміры. Месца яна выбрала вельмі свядома, бо там быў касцёл, а яна не хацела застацца без таінстваў. Знаходжанне там зацягнулася на тры гады.

Расказвае сястра Ангеліка Джос.

— Праз шмат гадоў гэтыя тры гады яна ўспамінае як трохгадовыя рэкалекцыі. Што там адбылося? Ружа разумее, што акрамя слепаты цела, якая неверагодна цяжкая, існуе значна больш цёмная, значна горшая слепата. Гэта слепата чалавечага сэрца, і Ружа гаворыць тут пра грэх, але перш за ўсё яна кажа, што гордасць — гэта найгоршы грэх. Гордасць — гэта хлусня, кажа графіня Ружа. Яна ведае, што поспех важны ў жыцці, таму што мы людзі, нам патрэбны поспех. Хоць поспех — не самае галоўнае, важнейшай з'яўляецца плённасць жыцця, якая прыходзіць праз прыняцце слабасці. Таму сляпы чалавек можа стаць апосталам сярод відушчых, часта сляпых духам, прыняўшы крыж слепаты, стаўшы сведкам нясення гэтага цяжкага крыжа з Хрыстом. І там, у 1917 годзе, у Жытоміры, Ружа прымае абеты, прысвячае сваё жыццё Богу і вяртаецца ў Варшаву ў канцы мая 1918 года. Вяртаецца манашкай.


Ружа Чацка (сястры Альжбета), Варшава, 1918. Autorstwa Nieznany – Archiwum Róży Czackiej Zgromadzenia Sióstr Franciszkanek Służebnic Krzyża, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=110100390
Ружа Чацка (сястры Альжбета), Варшава, 1918. Autorstwa Nieznany — Archiwum Róży Czackiej Zgromadzenia Sióstr Franciszkanek Służebnic Krzyża, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=110100390

Важным перыядам у яе жыцці сталі 1921-1922 гады, калі Антоні Дашэўскі ахвяраваў ёй маленькую вёску Ляскі. Дзякуючы працы добрых людзей там узніклі дом рэкалекцый і цэнтр адукацыі і выхавання сляпых дзяцей.

Сястра Марта Скачыляс кажа, што гэтае месца стала магнітам для людзей, якія знаходзяцца ў пошуку.

— Калі хтосьці прыязджаў у Ляскі, маці Ружа ніколі не пыталася ў яго пра палітычную прыналежнасць, погляды. Сюды мог прыйсці кожны, хто шукае праўды, дабра, сэнсу жыцця. Дом рэкалекцый быў і застаецца такім месцам, такім прытулкам, дзе можна сапраўды чэрпаць гэтую духоўную сілу. І ўсё гэта ў асяроддзі, дзе натуральным чынам жывуць сляпыя людзі, чыя сама хада з белым кійком па сцежцы зʼяўляецца сведчаннем таго, што людзі часта расчароўваюцца з-за дробязяў, губляюць сэнс жыцця, губляюць радасць жыцця. А тут чалавек з сапраўды рэальнымі цяжкасцямі, якому даводзіцца шмат пераадольваць у паўсядзённым жыцці, радасны, усміхаецца і імкнецца жыць.

Маці Ружа Чацка не прымяншала цяжар інваліднасці. Яна называла яе крыжам, чымсьці, што неабходна несці, чымсьці, што нялёгка. Але яна вучыла жыць, нягледзячы на гэтыя абмежаванні, вучыла, як пераадольваць цяжкія сітуацыі, як пераадольваць крызісы, не адмаўляючы таго, што ў жыцці сляпых ёсць цяжкасці. Яна паказвала, што, нягледзячы на гэта, можна жыць прыгожа, можна быць шчаслівым чалавекам.

Аднойчы ў цэнтр у Лясках прыйшоў маленькі хлопчык і пачаў моцна плакаць, сумуючы па доме. Ружа Чацка яго абняла і сказала: «Не хвалюйся, я шчаслівая, і ты таксама будзеш».

Таварыства па доглядзе за сляпымі, як і ў час свайго заснавання 115 гадоў таму, працягвае падтрымліваць людзей з парушэннямі зроку ад нараджэння да натуральнай смерці.

Dwójka/ав

слухайце аўдыё