Беларуская Служба

30 працэнтаў бежанцаў з Украіны плануюць даўжэй застацца ў Польшчы

08.07.2022 13:10
Профіль ваенных уцекачоў адрозніваецца ад украінцаў, якія раней эмігравалі на працу, пераважна ў Польшчу і Чэхію.
Аўдыё
  • 30 працэнтаў бежанцаў з Украіны плануюць даўжэй застацца ў Польшчы
Бежанцы з Украіны twitter.com/Straz_Graniczna

Бежанцы з Украіны – гэта, перш за ўсё, добра адукаваныя жанчыны, якія жадаюць працаваць і маюць намер вярнуцца на радзіму пасля вайны. Такія галоўныя высновы справаздачы аб уцекачах з Украіны, якія пражываюць у Польшчы, Чэхіі і Румыніі. Сацыялагічнае даследаванне было праведзенае Міграцыйнай платформай EWL і Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

Польшча, Чэхія і Румынія шырока і беспрэцэдэнтна адкрылі свае межы для ўкраінскіх уцекачоў. Пра тое, як зараз выглядае сітуацыя ваенных уцекачоў у трох згаданых краінах, і з якімі праблемамі яны змагаюцца пацікавіліся сацыёлагі. Даследаванні з удзелам уцекачоў з Украіны праводзілі з сакавіка па травень, галоўным чынам у пунктах прыёму ўцекачоў у буйных гарадах.

Іх вынікі даюць зразумець важныя дэмаграфічныя паказчыкі і не толькі. Некаторыя звесткі адлюстроўваюць тое, што мы чулі ў СМІ, то бок, што пераважная большасць украінскіх уцекачоў – гэта жанчыны, прычым, як мінімум, палове з іх больш за 36 гадоў.

Большасць украінак прыехала з дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў, паясняе прафесар Марыюш Кавальскі (Mariusz Kawalski) з Варшаўскага ўніверсітэта:

- Каля 95 працэнтаў сярод украінскіх уцекачоў ва ўсіх краінах складалі жанчыны. Гэта зразумела. Сярэдні ўзрост – ад 35 гадоў у Чэхіі да 40 гадоў у Румыніі. У прынцыпе – гэта маладыя людзі. Нагадваю, што даследаванне тычылася дарослых. Мы не бралі пад увагу дзяцей, якія дадаткова паніжаюць структуру ўзросту. Дзве траціны згаданых жанчынаў прыехалі з дзецьмі. Найчасцей з адным.

Прафесар Марыюш Кавальскі дадае, што большасць з іх пакінулі ва Украіне членаў бліжэйшай сям’іі:

- Большасць з іх пакінулі ва Украіне сваякоў, сям’ю, у асноўным мужчынаў, якія не маглі з’ехаць разам з імі.

Старшыня EWL Group Анджэй Коркус(Andrzej Korkus) падкрэсліў, што профіль ваенных уцекачоў адрозніваецца ад украінцаў, якія раней эмігравалі на працу, пераважна ў Польшчу і Чэхію. Дадзеныя па адукацыі і прафесіі, безумоўна, робяць уражанне. Апытаныя бежанцы вельмі добра адукаваныя, вышэйшую адукацыю маюць 53 працэнты, 45 працэнтаў і 64 працэнты адпаведна. Каля адной траціны ў кожнай краіне складаюць высокакваліфікаваныя спецыялісты або настаўнікі і спецыялісты ў галіне адукацыі:

- Узровень адукацыі на рынках усіх згаданых краінаў на многа вышэйшы, чым у выпадку папярэдніх групаў, якія мігравалі, напрыклад, у Польшчу. Гэта сведчыць пра прымусовы характар міграцыі. Гэта зусім іншы профіль мігранта, чым раней. Наступная справа, на якую мы звярнулі ўвагу, гэта веданне моваў. Сярод трох краінаў, якія браліся пад увагу ў даследаванні, веданне моваў сярод украінскіх уцекачоў у Польшчы найлепшае.

Аднак аўтары даследавання адзначаюць, што польскую мову лепш ведалі ўкраінскія працоўныя мігранты.
Большасць ваенных уцекачоў з Украіны, якія з’ехалі ў Польшчу і Чэхію, плануюць працаваць у згаданых краінах. Па гэтаму пытанню найгорш сітуацыя выглядае ў Румыніі, дзе пра гатоўнасць пачаць працу заяўляе толькі кожны чацвёрты рэспандэнт, а амаль 60 працэнтаў плануюць звяртацца за статус уцекача.

Міхаліна Сялевіч(Michalina Sielewicz) з EWL Group падкрэсліла, што ва ўсіх трох краінах пераважае жаданне вярнуцца ва Украіну як мага хутчэй пасля заканчэння вайны:

- Зараз мы задумоўваемся пра тое, як гэта будзе выглядаць праз пяць або сем месяцаў. Зразумела, калі пачалася вайна, то кожны хацеў, каб яна закончылася як мага хутчэй. Зараз, працягласць узброенага канфлікту пачынае ўплываць на рашэнне аб вяртанні ва Украіну. Таму можна прадугледжваць, што згаданыя вынікі будуць мяняцца.

Даўжэйшае знаходжанне ў Польшчы, Чэхіі і Румыніі плануе каля 30 працэнтаў уцекачоў.
Дадзеныя даследавання бясспрэчна пацвярджаюць факт, што міграцыя з Украіны мае характар уцёкаў ад вайны. Паводле іх, каля дзвюх трацінаў жанчынаў, якія пакінулі Украіну зрабілі гэта з-за клопату пра непаўналетніх дзяцей. Большасць з іх не ведаюць мовы краіны, у якую прыбылі. Яны не маюць там таксама нейкіх сямейных каранёў і блізкіх сваякоў, і ніколі не прыязджалі туды на працу.

Незалежна ад агульнага меркавання, большасць украінскіх уцекачоў у Польшчы, Чэхіі і Румыніі, выразна выказваюць намер калі-небудзь вярнуцца ва Украіну – вядома, іх знаходжанне ўжо зацягваецца даўжэй, чым яны чакалі.

Акрамя дэмаграфічных дадзеных, справаздача змяшчае багатую інфармацыю пра намеры, эмоцыі і боязі, а таксама планы на будучыню.

Напрыклад, даклад звяртае ўвагу на асноўныя праблемы, якія хвалююць бежанцаў. У выпадку Польшчы і Румыніі – гэта цяжкасці знайсці працу. У Чэхіі сітуацыя ў гэтым аспекце выглядае лепш, але там, у сваю чаргу, заклапочанасць выклікае дрэннае веданне мовы і, як у Польшчы і Румыніі, клопат пра сваякоў, якія засталіся ва Украіне.

Спецыяльны даклад падрыхтаваны па выніках аналізу сацыялагічнага даследавання «Уцекачы з Украіны ў Польшчы, Чэхіі і Румыніі», які праводзілі 13 – 23 мая 2022 года ў Чэхіі і Румыніі, а таксама 23 сакавіка – 3 красавіка ў Польшчы Міграцыйная платформа EWL і Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

Усяго даследаванне ахапіла 1200 грамадзян Украіны, якія вырашылі прыехаць у Польшчу, Чэхію і Румынію пасля 24 лютага 2022 года ў сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны.

ewl.com.pl/IAR/аз

70 дзяцей з Украіны прыехалі на адпачынак у Польшчу

06.07.2022 11:03
Двухтыднёвы адпачынак у Польшчы, гэта ўзнагарода за поспехі ў навуцы і спартыўныя дасягненні.

У Польшчы быў запушчаны дзяржаўны партал з аб'явамі аб працы для ўкраінцаў

06.07.2022 15:01
Парталам могуць скарыстацца ўкраінцы, якія атрымалі ў Польшчы асабісты нумар PESEL.

34 уцекачы з Украіны здавалі экзамен на атэстат сталасці ў Польшчы

08.07.2022 09:01
З іх 53 працэнты здалі экзамен на атэстат сталасці ў Польшчы.