Беларуская Служба

Украінцы разбураюць планы расіян на Данбасе пры дапамозе заходніх ракетных установак

11.07.2022 15:24
У тыле расійскай арміі выбухаюць склады боепрыпасаў. 
Himars
Himarsфота: Facebook/Генеральны штаб ЗСУ

Дзякуючы заходняй артылерыі ўкраінцам удаецца разбураць планы расіян на Данбасе – паведамляе Gazeta Wyborcza. Практычна штодзённа ў тыле расійскай арміі выбухаюць склады боепрыпасаў. Напрыклад, у суботу ўзарваўся склад у Алчэўску, які знаходзіцца пад расійскай акупацыяй у Луганскай вобласці. Ноччу з суботы на нядзелю было звыш дзесяці выбухаў – украінскія снарады траплялі ў склады з боепрыпасамі і базы камандавання. Гэта паказала, што ўкраінцы ўмеюць карыстацца перададзенымі з ЗША ракетнымі ўстаноўкамі Himars.

Першыя ўстаноўкі паступілі на лінію фронту пад канец чэрвеня. Сёння ва Украіне 9 хаймарсаў, амерыканцы высылаюць наступныя. Гэтыя ўстаноўкі, якія могуць страляць на адлегласць да 70 км, а таксама гаўбіцы, пастаўленыя Польшчай, Францыяй, Германіяй і Славакіяй, дазваляюць Украіне паралізаваць расійскую лагістыку і ланцугі паставак узбраення і неабходных рэчаў на фронт. Такім чынам украінская артылерыя ўскладняе падрыхтоўку да расійскага наступлення на Данбасе.

Украінцы маюць дакладныя веды пра месцы знаходжання расійскіх складоў. Частка існавала яшчэ перад пачаткам вайны, частку адкрыла разведка дзякуючы падслухоўванню перамоваў расійскіх салдат або перададзеным з боку НАТА здымкам са спадарожніка. У расійскай арміі кульгае лагістыка. Яшчэ падчас наступлення на Кіеў расійскія танкі глухнулі ў палях з-за адсутнасці паліва. Расіянам прыйшлося адступіць ад Кіева. Іншая праблема расійскай арміі – недахоп свежай жывой сілы. Страты, паводле ўкраінскага генштабу, перавысілі ўжо 37 тыс. забітымі.

нг