Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца да вакцынацыі грамадзян другім бустэрам

18.07.2022 18:39
Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе вакцынацыю другім бустэрам грамадзян, якім больш за 60 гадоў. 
Вакцынацыяkfuhlert/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы, як і ў іншых краінах, расце колькасць людзей, заражаных каранавірусам. Міністэрства аховы здароўя заклікае грамадзян прытрымлівацца правіл часоў эпідэмічнай пагрозы, нягледзячы на перыяд летніх адпачынкаў. У Польшчы адначасова рыхтуюцца да чарговай вакцынацыі супраць каранавіруса, пачатак якой запланаваны на ранюю восень.

За апошнія суткі ў Польшчы выяўлена 319 новых выпадкаў заражэння каранавірусам SARS-CoV-2. Гэта на 40% больш чым тыдзень таму, паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска.

- Гэта дадзеныя за выходныя, яны заўсёды крыху ніжэйшыя чым дадзеныя за буднія дні. За апошнія суткі выяўлена 319 новых выпадкаў, што на 40% больш чым тыдзень таму. Так што бачна, што колькасць заражэнняў расце. Гэта адносна невысокі ўзровень інфекцый, але гэтыя дадзеныя напэўна вырастуць. Цяпер – час водпускаў, людзі шмат часу праводзяць на свежым паветры, а вірус пашыраецца перш за ўсё ў закрытых памяшканнях. Але я заклікаю, нягледзячы на час адпачынкаў, памятаць пра тое, што каранавірус ёсць, ён нікуды не знікнуў. У еўрапейскіх краінах цяпер назіраецца значны рост, для прыкладу, у Партугаліі, Італіі і Германіі. У нас такая тэндэнцыя з’яўляецца пазней, таму рост яшчэ перад намі.

Вальдэмар Краска сказаў на Польскім радыё, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе вакцынацыю другім бустэрам грамадзян, якім больш за 60 гадоў. На гэтым тыдні павінна быць прынятае рашэнне адносна вакцынацыі другім бустэрам, гаворыць чыноўнік.

- На гэтым тыдні адбудзецца пасяджэнне Рады па пытаннях COVID-19 і Рады па пытаннях вакцынацыі, і я думаю, што гэтая тэма будзе адной з галоўных тэмаў. І ад рашэння гэтых радаў будзе залежыць рашэнне міністра аховы здароўя. Думаю, яно будзе вядома на гэтым тыдні.

Актуальна чацвёртай дозай вакцыны супраць SARS-CoV-2, альбо другім бустэрам, могуць прышчэплівацца грамадзяне, якім больш за 80 гадоў.

Тым часам нядаўна стала вядома, што не кожны жыхар Польшчы зможа зрабіць прышчэпку супраць штаму Амікрон каранавіруса SARS-CoV-2, калі адпаведная вакцына будзе даступная ў краіне. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Польшчы Войцех Андрусевіч. Паводле яго слоў, чацвёртая доза прышчэпкі, альбо другі бустэр, калі з’явіцца ў Польшчы, будзе прызначаная для грамадзян, якія ўжо вакцынаваліся двума альбо трыма дозамі.

Дзве вядучыя сусветныя фірмы-вытворцы вакцын, кампаніі Moderna і Pfizer паведамляюць, што прышчэпка супраць штаму Амікрон павінна з’явіцца ў верасні. І вакцынацыя гэтай прышчэпкай будзе адбывацца толькі грамадзян, якія ўжо вакцынаваліся. Калі ж вытворцам не ўдасца выпусціць вакцыны да восені, то рэвакцынацыя будзе адбывацца даступнымі на рынку прышчэпкамі, паведаміў Войцех Андрусевіч.

вс