Беларуская Служба

З-за вайны ва Украіне маладыя палякі перасталі цікавіцца русістыкай

22.07.2022 11:50
У сувязі з невялікім зацікаўленнем, набор на расіязнаўства ў Гданскім універсітэце быў падоўжаны да 5 верасня.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.guvo59/pixabay.com/CC0 Public Domain

55 месцаў чакаюць на кандыдатаў у 2022/2023 навучальным годзе на факультэце расійскай філалогіі ў Гданскім універсітэце. Аднак ахвотных вучыцца напалову менш, чым год таму, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Летась на расійскую філалогію ў Гданскім універсытэце было 129 кандыдатаў на 65 месцаў, гэта значыць амаль два чалавекі на адно месца. Сёлета кандыдатаў 61. Гэта менш чым па чалавеку на адно месца.

« Ліміт на расійскай філалогіі запоўнены. Аднак у гэтым годзе мы бачым невялікае зацікаўленне ў параўнанні з мінулым годам», – кажа прэс-сакратар Гданскага ўніверсітэта Магдалена Нячуя-Ганішэўска.

Яшчэ горш выглядае сітуацыя з кандыдатамі на расіязнаўстве. Сёлета на 35 месцаў 26 кандыдатаў. Гэта ў тры разы менш, чым год таму. Тады на 42 месцы было 73 кандыдаты, то бок амаль два чалавекі на адно месца. У сувязі з невялікім зацікаўленнем, набор на расіязнаўства ў Гданскім універсітэце падоўжаны да 5 верасня.

«Меншае зацікаўленне расійскай філалогіяй і расіязнаўствам абумоўленае геапалітычнай сітуацыяй і меркаваннем кандыдатаў, што ў бліжэйшыя гады не будуць патрэбныя супрацоўнікі, якія валодаюць расійскай мовай, дасканала ведаюць расійскую культуру, а таксама спецыялісты, якія працуюць на расійскім рынку», – кажа дэкан філалагічнага факультэта Гданскага ўніверсітэта прафесар Уршуля Патоцкая-Сігловы.

Расіязнаўства ў Інстытуце русістыкі і ўсходніх даследаванняў забяспечвае адукацыю на ўзроўні бакалаўра. Студэнты набываюць гістарычныя, культурныя, эканамічныя, прававыя, медыйныя, літаратурныя і лінгвістычныя веды; даведваюцца пра сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя праблемы Расіі і прававыя прынцыпы, якія рэгулююць польска-расійскія адносіны. Выпускнік мае магчымасць працаўладкавання, сярод іншага у пасольствах і консульствах, у аэрапортах.

У сваю чаргу Факультэт расійскай філалогіі ў Гданскім універсітэце дазваляе атрымаць ступень, як бакалаўра, так і магістра па наступных спецыяльнасцях: выкладанне, мова-культура-медыя і пераклад-камунікацыя-культура, нагадвае Gazeta Wyborcza.

аз