Некалькі тыдняў у Іране працягваюцца пратэсты, звязаныя са смерцю маладой дзяўчыны, якая памерла ў выніку пабояў паліцыянтаў. А была яна затрыманая за неадпаведную вопратку.
Махса Аміні памерла 16 верасня, пасля «гутаркі» у паліцэйскім участку – паліцыя нораваў затрымала яе на вуліцы ў Тэгеране за «надта свабодна» надзеты хіджаб. З участку дзяўчына патрапіла наўпрост у лякарню – у коме, двое сутак лекары спрабавалі яе выратаваць, але беспаспяхова.
Ці смерць маладой жанчыны можа выклікаць смерць сістэмы? Гэтым пытаннем задаюцца сёння ў Іране і не толькі, аб чым піша Polityka. На думку вядомай іранскай артысткі Мар’яны Сатрапі, абавязак засланяць валасы – гэта фундамент іранскай тэакратыі, без яго сістэма разваліцца. Цяпер, калі палітыка, у тым ліку заходняя, абапіраецца ў вялікай ступені на перформанс, прадстаўленне, абавязак засланяць валасы – гэта выдатны прыклад палітычнага тэатру. Уладары Ірану ганарацца, што жанчыны ім падпарадкоўваліся. Адна з суразмоўцаў выдання параўнала нават гэта да кляймення быдла на Дзікім захадзе – спачатку балюча, а пазней ужо не заўважаеш, аднак гэта сведчыць пра прыналежнасць і падпарадкаванне. І з’яўляецца базісам сістэмы.
У пратэсце супраць абсурднай смерці маладой жанчыны цяпер на вуліцы выйшлі не толькі дзеўчыны, каб прадэманстраваць сваю салідарнасць з ахвярай. Не, выйшлі і маладыя, і старыя, з вялікіх гарадоў і з вёсак, багатыя і бедныя. Яны бунтуюцца супраць сістэмы, якая забіла Махсу.
нг