Забарона на праветрыванне школьных залаў і зарадку мабільнікаў – гэта некаторыя спосабы на скарачэнне выдаткаў у школах. У пошуках ашчаднасці мясцовыя ўлады выдаюць новыя рэкамендацыі дырэктарам школ і дзіцячых садкоў. У выніку частка выдаткаў на ўтрыманне ўстановаў будзе перакінутая на бацькоў, паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna».
«Сітуацыя ў мясцовых органах улады вельмі цяжкая, галоўным чынам з-за павелічэння выдаткаў на энергію і энерганосьбіты, але таксама павелічэння коштаў на асноўныя прадукты, неабходныя для функцыянавання школ і дзіцячых садкоў, такіх як мыйныя сродкі або папера», – кажа ў размове з газетай бургамістр Тулішкава (рэд. гарадка ў Вялікапольшчы) Кшыштаф Роман.
З падобнымі праблемамі змагаюцца як невялікія муніцыпалітэты, так і буйныя гарады. «З аднаго боку, велізарная інфляцыя і рост коштаў на энерганосьбіты, а з другога – абмежаванне бюджэтных магчымасцяў у выніку неспрыяльных зменаў у падатковых правілах. Гэта азначае, што мясцовыя ўлады павінны эканоміць. Але мы зыходзім з таго, што ўсе мерапрыемствы па аптымізацыі выдаткаў павінны як мага менш датычыць вучняў і настаўнікаў, то бок працэсу навучання і догляду за дзецьмі», – кажа прэс-сакратар сталічнай мэрыі Моніка Бойт.
Яна супакойвае, што сталічныя ўлады не плануюць скарачаць часу працы дзіцячых садкоў і школаў і звальняць супрацоўнікаў. Аднак неабходна пачаць эканоміць на аплатах або закупках, напрыклад, шляхам іх цэнтралізацыі.
«Сітуацыя тым больш складаная, што школы і дзіцячыя садкі гадамі эканомілі на ўсім і, здаецца, у іх ужо мала прасторы для манеўру ў гэтым пытанні. Тым не менш, рост цэнаў на электраэнергію нас напалохаў, і хоць мы яго чакалі, то ніхто не думаў, што ён будзе на такім узроўні. Адзіны пастаўшчык электраэнергіі, які прыняў удзел у тэндары прапануе нам стаўку ў шэсць разоў вышэйшую чым сёлетняя», – кажа прэс-сакратар уладаў Ольштына Марта Барташэвіч.
Таму, з верасня некаторыя дзіцячыя садкі, якія раней забяспечвалі дзяцей, напрыклад, пасцельнай бялізнай і ручнікамі, змянілі правілы і цяпер гэта бацькі будуць прымушаныя клапаціцца гэтым пытаннем. Дзякуючы гэтаму ўстановы спадзяюцца скараціць выдаткі на мыйныя сродкі і электраэнергію.
У сваю чаргу, у некаторых школах, напрыклад, забаранілі выкарыстоўваць разеткі для зарадкі мабільных тэлефонаў. Акрамя таго, адукацыйныя ўстановы плануюць змяншаць ацяпленне па выходных і ў другой палове дня. «Безумоўна, усё гэта павінна быць зроблена так, каб падчас знаходжання дзяцей і падлеткаў у школах захоўваўся адпаведны тэмпературны рэжым», – канстатуе прадстаўніца гарадскіх уладаў Ольштына ў размове з выданнем «Dziennik Gazeta Prawna».
аз