Беларуская Служба

Паводле словаў віцэ-міністра адукацыі, у Польшчы павінна хапіць сродкаў на абаграванне школаў

14.10.2022 11:23
У школах нельга праводзіць заняткі пры тэмпературы ніжэй за 18 градусаў.
.
Школа.Photo: steveriot1/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выданне Niezalezna.pl прыводзіць меркаванне віцэ-міністра адукацыі Дарыюша Пянткоўскага наконт пытання абагрэву школаў зімой, ці ў сувязі з нізкай тэмпературай некаторым школам у Польшчы прыйдзецца перайсці на дыстанцыйнае навучанне? Гэтага асцерагаюцца некаторыя муніцыпальныя дзеячы.

«Калі я ўпершыню пачуў такое меркаванне, мне падалося, што гэта дрэнны жарт, – адзначыў віцэ-міністр. І запэўніў, што «сёння няма падстаў закрываць нейкі грамадскі аб'ект», а ўрад прымае законы, накіраваныя на зніжэнне выдаткаў на абаграванне і энергію.

«Такім чынам, калі які-небудзь прадстаўнік мясцовай улады працягвае казаць, што ён не можа дазволіць сабе абаграваць школу, гэта азначае, што ён дрэнны гаспадар. Задача мясцовага самакіравання – задаволіць асноўныя патрэбы сваіх жыхароў«, – дадаў Пянткоўскі.

Ён паведаміў, што калі элементарныя патрэбы, такія як функцыянаванне школаў, не будуць задаволены, міністэрства адрэагуе.

У школах нельга праводзіць заняткі пры тэмпературы ніжэй за 18 градусаў, гэтае правіла было прынятае каля 20 гадоў таму. Па словах віцэ-міністра, урад прызначае дзясяткі мільярдаў злотых з дзяржаўнага бюджэту на розныя меры, звязаныя з павышэннем коштаў энергіі. Гэта як мінімум 13,7 мільярда злотых дадатковых сродкаў. Яны могуць быць выдаткаваныя на абаграванне грамадскіх абʼектаў, у тым ліку, школаў ці дзіцячых садкоў. Нават самая маленькая гміна атрымае ў бліжэйшыя месяцы амаль 3 мільёны злотых, паветы – звыш 6 мільёнаў, ваяводствы – звыш 32 мільёнаў злотых. Такому гораду, як Варшава, верагодна, спатрэбіцца дзясяткі ці нават сотні мільёнаў злотых, каб пакрыць рост выдаткаў на энергію. Пра гэта казаў Дарыюш Пянткоўскі ў эфіры Польскага радыё, яго словы прыводзіць Niezalezna.pl.

нг