Даследаванне, у якім удзельнічалі 40 навуковых устаноў, паказвае, што з-за касмічнай радыяцыі, ныркі астранаўтаў могуць быць амаль цалкам знішчаныя падчас місіі на Марс. Паводле аўтараў даследавання, апублікаванага часопісам Nature Communications, на зваротным шляху астранаўтам давядзецца праходзіць дыяліз.
Тое, што палёты ў космас неабыякавыя для здароўя, вядома ўжо дзесяцігоддзямі. Падчас місіі ў космас, адбываецца страта касцяной масы, паслабленне працы сэрца, зроку або ўзнікненне камянёў у нырках.
Лічыцца, што гэта шмат у чым вынік уздзеяння касмічнага выпраменьвання, а таксама змененых умоў гравітацыі. У той час як на нізкай арбіце касманаўты абаронены ад такіх фактараў магнітным полем Зямлі, то падчас палёту на Месяц, такой абароны яны ўжо пазбаўленыя.
Аднак дагэтуль толькі 24 чалавекі пабывалі за межамі магнітасферы Зямлі, і то на кароткія тэрміны: ад 6 да 12 дзён.
У праекце пад кіраўніцтвам экспертаў Лонданскага ўніверсітэцкага каледжа, у якім удзельнічаюць 40 навуковых устаноў з пяці кантынентаў, адмыслоўцы правяралі магчымы ўплыў доўгага знаходжання ў глыбокім космасе на ныркі. Паводле іх, падчас экспедыцыі на Марс, радыяцыя прывядзе да канчатковай страты функцыі нырак удзельнікаў.
«Калі мы не распрацуем новых спосабаў абароны нырак, я думаю, што касманаўтам, якія трапяць на Марс, можа спатрэбіцца дыяліз на зваротным шляху», – кажа адзін з даследчыкаў прафесар Стывен Б. Уолш.
Праблема тым больш складаная, што прыкметы радыяцыйнага пашкоджання ў нырках зʼяўляюцца позна. Калі пашкоджанне адбудзецца, то ўжо занадта позна, каб прадухіліць нырачную недастатковасць, якая можа выклікаць катастрафічныя наступствы для поспеху ўсяе місіі.
аз