Беларуская Служба

Салідарнасць ды смех сталі лекамі для жыхароў беларуска-польскага Памежжа

25.09.2024 14:28
Белавежская пушча стала арэнай гібрыднай вайны, што беларускі дыктатар вядзе супраць Захаду. Як з крызісам спраўляюцца мясцовыя жыхары?  
Аўдыё
  • Салідарнасць ды жарт - лекі на праблемы жыхароў памежжа
Ілюстрацыйны здымакPrzemysław Piątkowski/PAP

Белавежская пушча вядомая тым, што гэта адзін з найстарэйшых запаведных лясных масіваў Еўропы, які знаходзіцца на мяжы Беларусі ды Польшчы. Апошнія тры гады – гэта месца гібрыднай вайны Лукашэнкі супраць Польшчы ды ЕС. Інструментам гэтай вайны сталі нелегальныя мігранты, трафік якіх арганізуюць сілавікі дыктатара. Дадзеная сітуацыя моцна закранула жыццё мясцовых жыхароў, якія глядзяць на рэчаіснасць не ў катэгорыях геапалітычных, а звычайных, чалавечых. Мы паразмаўлялі з імі, як яны спраўляюцца са зменамі ды крызісам.

Ужо тры гады на беларуска-польскай мяжы працягваецца міграцыйны крызіс. Ніхто на памежжы не мог сабе ўявіць, якога маштабу і працягласці будзе гэты катаклізм. Людзі стаміліся ад празмернай мілітарызацыі іх жыцця, ад працяглага жыцця ў стрэсе, які быў выкліканы тым, што яны ніяк не могуць паўплываць на сітуацыю, пачуваюцца закладнікамі.

У ваколіцах Белавежскай пушчы мясцовая грамада засяродзілася на выжыванні, шукаючы лекаў на паўсталы стрэс ад праблемнай штодзённасці ў культуры, салідарнасці, часам гумары. Напрыклад, у Гайнаўцы паўстаў спектакль  «Аднарогі», які паказаў у тым ліку бачанне сітуацыі моладдзю ў рэгіёне. Гаворыць Эва Мароз-Кэчыньска.

- Маладыя самі напісалі сцэнар, а Ёанна Троц дапамагла ім з музыкай і харэаграфіяй. Спектакль называўся «Jednorożec» і адлюстроўваў, што моладзь пачуваецца ў свеце як аднарогі, што трапілі ў свет дарослых, якія занятыя сваімі гульнямі. Яны выказваюцца ад імя моладзі, але не ведаюць яе ды і не маюць волі даведацца пра іх сапраўдныя праблемы. Там былі згадкі пра сітуацыю на мяжы, з гуманітарным крызісам, канфліктам вакол Пушчы. Пасля паказу ў 2022 годзе ў Доме культуры ў Гайнаўцы большасць людзей выйшлі заплаканыя. Такая рэакцыя ўзрушыла мяне. Я падумала: Божа, наколькі мы не разумеем моладзь ды што за свет мы ім рыхтуем.

У культуры ды мастацтве бачыць шлях да нармалізацыі сітуацыі ў наваколлі Белавежскай пушчы, зазначае рэстаўратар Славамір Дронь, які мае ў сваёй кавярні галерэю мастацтва.

- Нам патрэбная паўза. Інакш пішацца ў момант падзей, а інакш бачацца здарэнні, калі пройдзе час. Мая жонка - лекарка, яна дапамагала ўцекачам у лесе. Ёй давялося выцягваць з лесу жанчын, якія там мелі выкідыш. Гэта адбываецца ў ХХІ-м стагоддзі. Трагедыя. Былі некаторыя рэчы, не можна распавесці нават. Ёсць ужо кнігі пра гэта - «Ісус памёр у Польшчы». Ёсць спектаклі, бо людзі хочуць жыць. Нават у канцлагеры былі тэатральныя пастаноўкі. Мы хочам жыць, а маем адно жыццё. Мы дапамагалі ў лесе, а цяпер можам даць працу, дапамагчы іншым чынам гэтым людзям. Мінуўшчына бывае цяжкай, але трэба глядзець наперад. Таму я не веру, што мур на мяжы – назаўсёды. Я веру, што мы яго яшчэ разбяром. Мы хочам тут файнага турызму, развіцця мастацтва. Белавежа – цудоўнае месца для мастакоў, навукоўцаў. Сюды едуць людзі дзеля Пушчы і прыроды, таму мы тут жывём.

Іншым інструментам захавання нармальнасці для мясцовых жыхароў стала лакальная салідарнасць, распавядаюць гаспадыня аграсядзібы Паўліна Сегень, Славамір ды Эва.

- Калі і ёсць тое, што дапамагае вытрываць – гэта мясцовая салідарнасць, а яшчэ тое, што мы тут 500 гадоў, перажылі вайну, Бежанства, этнічныя чысткі, і людзі вярнуліся. Ані гэтая сітуацыя, ані ніякі ўрад нас адсюль не выганіць.

- Мяне вельмі ўзбадзёрыла стаўленне мясцовых людзей, калі ў нас была закрытая зона і ніхто не мог зайсці. Часта здаралася, што людзі, якія перасякалі мяжу, заходзілі, дык практычна ўсе адчынялі дзверы, кармілі, давалі адзенне. Гэта не была дапамога ў кантрабандзе людзей. Гэта была простая праява гуманізму, для некаторых часта хрысціянства. Калі сутыкаешся тварам у твар з няшчасцем, з шасцігадовым дзіцём, якое дрыжыць ад холаду, або з жанчынай, якая ідзе з трыма дзецьмі, або з юнаком, які страшэнна мерзне і млее ад голаду, кожны нармальны чалавек павінен у такім выпадку праявіць чалавечнасць.

- Калі з’явілася ідэя зноў зачыніць нас тут, так, каб мы не маглі ані капейкі зарабіць на турыстах, упершыню было відаць, што мясцовая супольнасць трымаецца разам. Звычайна ў нас ёсць тыя, хто выступае за тое, каб высякаць лес, і ёсць тыя, хто выступае за пашырэнне лесу, але ў той момант усе сабраліся разам: і жыхары, і войты, і няўрадавыя арганізацыі. Усе сказалі: мы не згодныя з тым, што вы хочаце з намі зрабіць. Мы хочам працягваць жыць годна і мець магчымасць рабіць тое, што мы робім кожны дзень. Няхай складаней, але складанасці робяць чалавека больш творчым. Лёгкія часы робяць людзей лянівымі. А мы тут, на Памежжы, не такія!

Раззброіць праблемную штодзённасць дапамагае таксама гумар, кажа Эва.

- Мы з гэтага жартуем. Пад’язджаеш, а там КПП, яны да нас па-польску гавораць, а мы па-свойму. А ты, адкуль, хлопчык, прыехаў? А на якой мове вы размаўляеце? Мы па-свойму, а ты чужы. Так мы жартуем. Гэтым сарказмам і пачуццём гумару мы спрабуем раззброіць дадзеную штодзённасць. Гэта наш адзіны шлях. З аднаго боку, гаворка ідзе пра тое, каб трымацца разам, а з іншага, неабходна праяўляць крэатыўнасць. Іншы прыклад: у лесе мяне сустракае малады чалавек, твар закрыты, вінтоўка настаўленая на мяне, я да яго: «Хлопец, а дзе «добрай раніцы»? Я - польская грамадзянка, мы сустракаемся ў Польшчы». Засаромеўся.

Пасля трох год міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы, жыхары Памежжа адчуваюць стрэс. Іх жыццё моцна змянілася, культура, салідарнасць, гумар стаў іх лекам на паўсталы стрэс ад праблемнай штодзённасці.

Юры Ліхтаровіч