Беларуская Служба

Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў: Няма іншага шляху — мы павінны змагацца, бо гэта барацьба за свабоду, за кожнага

26.09.2024 06:02
«Я жыла ў камуністычныя часы. Мой дзядуля правёў у турме сем гадоў». Госця нашага эфіру — прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север (Maja Sever).
Аўдыё
  • «Божа, гэта найлепшая прафесія ў свеце! Паверце мне, я ў журналістцы шмат гадоў, я пачынала, калі мы пісалі на машынках».
     . , 10  2024 .
Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север. Вільня, 10 верасня 2024 года.baj.media

Паразмаўлялі з Маяй Север пра бачанне сітуацыі з медыя ў рэгіёне Усходняй Еўропы ва ўмовах крызісу і пра доўгі шлях да свабоды, які праходзяць грамадзяне. Гэтая размова адбывалася ў Вільні падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі, арганізаванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Еўрапейкай федэрацыяй журналістаў.

Слухайце размову ў далучаным файле!

— Як кіраўніца прафесійнага вялікага аб’яднання журналістаў, журналіст-практык, раскажыце, якія  найбольш важныя, складаныя выклікі для медыяў і журналістаў у Еўропе цяпер ёсць?

— Калі адным словам — выжыванне. Бо цяпер мы ў моманце, калі мы атакі на журналістыку, нашу працу, аграмадныя. Вы ведаеце, што размова не толькі пра людзей, якія спрабуюць схаваць інфармацыю як працуюць палітыкі.

Цяпер папросту папулярныя атакі, абвінавачванні супраць журналістаў ва ўсім.

Складана выжываць ва ўмовах, якія ёсць у Еўропе. Трэба дадаць сюды атакі на журналістаў, вельмі небяспечныя ўмовы для працы. І я тут сёння сустракаюся з людзьмі, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну з прычыны пагроз, бо яны працавалі, спрабавалі паведамляць праўду. Таму давайце разам будзем змагацца за выжыванне, за абарону журналістыкі, бо гэта грамадскае дабро.

«Журналістыка — адна з апор дэмакратычнага свету»

— Цяпер мы бачым вялікую палярызацыю грамадства, вялікія патрабаванні да журналістаў. Што можна рабіць у такіх варунках?

— Я думаю, што гэта пытанне прынятых рашэнняў. Рашэнняў грамадства, кожнага грамадзяніна, яны павінны задаць сабе пытанне: Ці патрэбная ім аб'ектыўная, праўдзівая інфармацыя? І калі грамадзяне прызнаюць чаму і наколькі важная якасная прафесійная журналістыка, мы зможам змагацца разам і абараняць прафесію.

Мяркую, цяпер пэўны гістарычны момант, калі паўстае пытанне, ці павінны мы як грамадства, як асобы ісці за палітыкамі, за тымі, хто хоча радыкалізаваць свет, палярызаваць грамадства? Або мы будзем заставацца на пазіцыі шчырасці, дэмакратычных людзей?

І калі мы ўсе на баку дэмакратыі і свабоды, то журналісты і журналістыка як прафесія патрабуюць падтрымкі ад звычайных людзей. Паводле майго меркавання, майго прыватнага меркавання, гэта адзіны магчымы шлях, калі мы хочам жыць у свабодным дэмакратычным свеце. Журналістыка — гэта адна з апор такога свету.

— Але людзі не заўсёды гатовыя ахвяраваць нечым дзеля іншых. І гэта бачна на прыкладзе беларускіх журналістаў. Так, у 2020-ым у Беларусі журналісты незалежных медыя мелі вялікую падтрымку. Але цяпер у турмах 34 прадстаўнікі медыя, і людзі не бастуюць, не пратэстуюць у падтрымку нашых калег.

Я разумею пра што вы кажаце. На жаль, гэта атмасфера дзейснага рэжыму.  Мы мусім  разумець, што часам людзі баяцца. Але таксама ў такім грамадстве гадамі людзей рыхтуюць да таго, што яны не павінны задаваць пытанняў, не павінны змагацца за сваю за свабоду. Гэта праблема посткамуністычных краін. Але гэта не нагода для капітуляцыі. Мы павінны працягваць. Вы ведаеце, што і ў маім грамадстве журналісты патрапляюць пад напады без прычыны. І часам для грамадзян, нашай аўдыторыі чытаць і глядзець праўду няпроста. У маёй тэлевізійнай перадачы я расказваю гісторыі, напрыклад, пра вайну, крымінал. І людзям у Харватыі гэта не надта падабаецца глядзець. Але, калі мы хочам ведаць праўду, мы павінны паведамляць  яе, нават калі гэта непрыемна чуць.

У Беларусі можна пачувацца разгубленым цяпер, бо быццам няма падзей, няма падтрымкі. Але вы ведаеце, што гэта доўгі шлях — асвета людзей у плане падтрымкі прафесійнай, якаснай журналістыкі.

— Беларускія СМІ ўжо тры гады працуюць у выгнанні. Як вы мяркуеце, як доўга можна захоўваць працу медыя на эміграцыі, калі сітуацыя не зменіцца яшчэ на працягу некалькіх гадоў?

— Прапаганда ў Беларусі моцная. І паводзіны аўдыторыі, пра што вы казалі ў папярэднім пытанні, гэта таксама яе вынік. Я буду шчырая з вамі: я не магу ўявіць, як гэта працаваць з Літвы, Польшчы — спрабаваць расказваць пра падзеі ў краіне, пра вашых людзей і для гэтых людзей, для вашых людзей. Для мяне гэта вельмі складана. Таму я захапляюся і таму думаю, што мы павінны вас падтрымліваць. 

Мы мусім абараняць прафесійныя галасы.

Часам гэта немагчыма ні з чым параўнаць. У вашай сітуацыі, калі вы вымушаныя былі пакінуць краіну, каб захаваць жыццё, і прынялі рашэнне працягваць асвятляць тэмы пра Беларусь, — я захапляюся гэтым. Ведаеце, нават калі пяць чалавек у Беларусі могуць вас слухаць, гэта нашмат больш, чым калі б ніводны чалавек не слухаў.  Я разумею, што гэта цяжка, усё цягнецца доўга. Але я спрабую знайсці падтрымку для беларускіх журналістаў, рэсурсы, каб даць ім моцы. 

Рэжым моцны,  рэпрэсіі і прапаганда моцныя. Я жыла ў камуністычныя часы. Мой дзядуля правёў у турме сем гадоў. Аднойчы я спытала ў яго: Я ведаю, што ты быў у сітуацыі, калі мог  падпісаць паперы, каб цябе вызвалілі з турмы. Ён сказаў мне: «Так, але з гэтым я мусіў бы прачынацца кожную раніцу».

Падчас свайго судовага працэсу ён агучыў вельмі прыгожую думку, што ёсць ружа-вітраж на касцёле, і кожнае каляровае шкельца ў ёй рознае, і кожнае паважае адно аднаго. І калі ты павінен пайсці ў турму за гэта, значыць мусіш змагацца.

Канешне, я не думаю, што вы мусіце быць у турме, але ваш голас — гэта адно са шкельцаў гэтага вітража, якое будуе прыгожы свет, поўны разнастайнасці, свабоды. Я толькі магу прасіць вас не спыняцца. Я цалкам разумею, што вы стаміліся і хацелі б ведаць, як яшчэ доўга. Я магу вас толькі падтрымліваць.

Гэтыя сітуацыя нельга параўноўваць, але калі я чытаю каментары, гісторыі, гэта выпрабаванне мяне, маіх калег. Я думаю: чаму так, чаму мы ў гэтай сітуацыі? Але няма іншага шляху. Мы павінны змагацца з вамі, бо гэта ваша барацьба за свабоду, за кожнага з вас. Я цалкам разумею, што і мы, і вы мусім працягваць.

«Мы з'яўляемся сведкамі, як гінулі нашыя калегі»

—  У рэгіёне ўсходняй Еўропы цяпер ідзе вайна, я маю на ўвазе Украіну. Вы працавалі як ваенны карэспандэнт падчас вайны на Балканах. Ва ўмовах вайны якія выклікі для журналістаў найбольш вострыя? Што Еўрапейская федэрацыя журналістаў бачыць найбольшай праблемай?

— Калі казаць пра Украіну, то бяспека — гэта найбольшая праблема. Мы з'яўляемся сведкамі, як гінулі нашыя калегі, атрымлівалі раненні. Мы шмат працуем з нашай філіяй там, праводзім трэнінгі па бяспецы, маем шэсць Цэнтраў салідарнасці ва Украіне, імкнёмся пастаўляць абсталяванне, дапамагаць Саюзу журналістаў Украіны. Я захапляюся імі таксама. Бо яны ва ўмовах вайны захвалі незалежную журналістыку.

Вы ведаеце, што дэмакратыя вельмі крохкая. І калі мы гаворым пра Беларусь, дзе няма дэмакратыі, калі гаворым пра іншыя краіны, слабую дэмакратыю выпрабоўваюць моцныя аўтарытарныя палітыкі, якія не разумеюць, што ўласна азначае свабода медыя.

Мы як Еўрапейская федэрацыя журналістаў імкнёмся ўзмацніць наш уплыў,  працаваць з журналістамі, дапамагаць з рэсурсамі, выбудаваць прафесійныя незалежныя рэдакцыі СМІ, узмацняць нашыя саюзы, асацыяцыі. Часам гэта вельмі цяжка, бо нашыя краіны не надта папулярныя, каб да іх далучацца. Але мы шмат працуем, збіраем экспертаў, збіраем разам людзей для нетворкінгу, спрабуем звязваць іх адзін з адным, звязваць калег з усходніх краін, працуем дзеля іх узмацнення.

— За вашу кар'еру прафесія журналіста змянілася, увесь час змяняюцца ўмовы працы. Што падтрымлівае вашую веру ў прафесію журналіста?

— Я шмат падарожнічаю, сустракаю цікавых людзей. І гэты візіт для мяне як знаёмства з новым светам. Я вельмі радая мець такія магчымасці.

Але калі я сядаю ў аўтамабіль са сваёй камандай, з аператарам, каб зняць нейкую стужку, гісторыю, рэпартаж, або часам, калі я чытаю артыкул сваіх калег, якія знайшлі нешта пра міністра, пра карупцыю, то я ўсміхаюся і думаю:

Божа, гэта найлепшая прафесія ў свеце!  Паверце мне, я ў журналістцы шмат гадоў, я пачынала, калі мы пісалі на машынках.

Я рэпарцёр, журналіст-расследвальнік, я вядучая папулярнага шоў на тэлебачанні ў Харватыі. Усё ўвесь час змяняецца, але кантэнт — гэта тое, што заўсёды найперш. Не важна, ці папулярны цяпер Цік-Ток, ці папяровыя газеты. Аўдыторыя заўсёды хоча бачыць добрыя артыкулы, добры кантэнт. І рыхтаваць якасныя гісторыі — гэта тое, што дазваляе мне добра пачувацца.

Я радая, што як прэзідэнт ЕФЖ я магу бачыць беларускіх журналістаў, так шмат прафесіяналаў, добрых гісторый, энергію. Гэта тое, што дае нам энергію і дазваляе працягваць любіць журналістыку. Я спадзяюся, вы гэта падзяляеце.

вх