Беларуская Служба

Расія перакінула частку вайскоўцаў з Паўночнай Карэі ў Белгарадскую вобласць

23.11.2024 08:30
Удзел арміі КНДР у вайне на баку Расіі ўяўляе пагрозу для Украіны, Паўднёвай Карэі і Японіі.
         ,  2024.
Сустрэча Уладзіміра Пуціна з Кім Чэн Ынам у Пхеньяне, чэрвень 2024.kremlin.ru

Частка паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якія ваююць на баку Расіі, перакінутыя ў памежную з Украінай Белгародскую вобласць, паведаміў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на пачатку лістапада заявіў пра прысутнасць 11 тысяч  вайскоўцаў, накіраваных Пхеньянам у Курскую вобласць Расіі, якая таксама мяжуе з Украінай.

У сваю чаргу намеснік кіраўніка ваеннай разведкі Украіны (ГУР) Вадзім Скібіцкі пацвердзіў перакідванне ў Расію артылерыйскіх сістэм і ракетных установак з КНДР. «Мы пацвярджаем тое, што гаворыцца ў СМІ аб перамяшчэнні тэхнікі. Перамешчаны артылерыйскія сістэмы і многія пускавыя ўстаноўкі ракет», — сказаў ён.

Ён дадаў, што ў Расіі няма боепрыпасаў калібру 170 мм, але ў Паўночнай Карэі яны ёсць. «Гэта дазволіць Расіі (...) атрымаць гэтыя боепрыпасы», — дадаў ён.

У ГУР Украіны адзначаюць, што ўдзел арміі КНДР у вайне на баку Расіі ўяўляе пагрозу для Украіны, Паўднёвай Карэі і Японіі, таму што «адны паўночнакарэйскія вайскоўцы загінуць ва Украіне, а іншыя вернуцца гатовымі да сучасных баявых дзеянняў і змогуць працаваць інструктарамі ў арміі КНДР», якая налічвае паўтара мільёна салдат.

Салдаты, накіраваныя на вайну Расіі супраць Украіны, «атрымліваюць баявы вопыт, якога няма ў Паўднёвай Карэі, Японіі ці Кітаі», адзначыў Скібіцкі.

IAR/вх