Украінцы захапілі частку Курскай вобласці і Крэмль нічога з гэтым не можа зрабіць. Расійскі бок вырашыў замоўчваць сітуацыю, засяроджваючыся на штурмах у Данецкай вобласці. Эксперты кажуць, што Расія паказала сваю слабасць, узмацніўшы сумневы адносна здольнасці перамагчы ў вайне ва Украіне.
Украінская армія 14 дзён працягвае наступ у Курскай вобласці Расіі, адкрываючы штодня ўсё новыя ўчасткі фронту. Украінцы занялі ўжо каля 1200 квадратных кіламетраў расійскай тэрыторыі і кантралююць амаль 90 гарадоў. Учора яшчэ тры населеныя пункты ў Курскай вобласці перайшлі пад кантроль УСУ. Паводле дадзеных DeepState, 18 жніўня Сілы абароны вызвалілі Апанасаўку, Снагосць, Отрубу і рушылі наперад у напрамку Вольгаўкі ў Курскай вобласці.
Аперацыяй у Курскай вобласці Украіна ўмацоўвае свае пазіцыі і папаўняе абменны фонд ваеннапалонных, заявіў Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі, зазначыўшы, што войскі працягваюць наступ, на некаторых напрамках маюць прасоўванні ад 1 да 3 кіламетраў у бок праціўніка.
Маскоўскі рэжым адказвае на гэта ліхаманкавым зборам жаўнераў па ўсёй краіне, якіх адпраўляюць у Курскую вобласць. Пра гэта ў эфіры KYIV24 распавёў баец легіёну «Свабода» Канстанцін Дзянісаў.
- У іх адбываюцца перасоўванні падраздзяленняў. Частку перасоўваюць на Данецкі напрамак, але і на Курскі таксама. Туды накіравалі брыгаду марской пяхоты, якую некалькі разоў украінцы разбівалі. Таксама з запарожскага напрамку перакінулі асобныя раздзелы 64 мотастралковай брыгады.
Аднак расійскаму кіраўніцтву пакуль не ўдаецца спыніць украінскі наступ. Украінцы паспяхова дзейнічаюць, кажа прафесар Валенты Балюк.
- Свет зноў пачаў гаварыць пра расійска-украінскую вайну. Украіне ўдалося дасягнуць шэраг важных поспехаў на тактычным ды аперацыйным узроўні. Пытанне толькі, ці змогуць яны выцягнуць максімальную для сябе карысць з гэтай сітуацыі.
Былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы генерал Станіслаў Козей ацаніў, што аперацыя ўкраінскіх войск у Курскай вобласці, незалежна ад яе стратэгічных мэт, ужо дасягнула прапагандысцкага поспеху, паказваючы, што Расія таксама мае свае слабыя бакі і не зможа аўтарытарна дыктаваць умовы магчымага міру.
- На маю думку, гэтая аперацыя ўжо паказала свету ды грамадскай думцы на Захадзе, што Расія не можа перамагчы ў гэтай вайне. Няма сітуацыі, што Пуцін дыктуе ўмовы міру, што трэба пагаджацца на яго ўмовы, інакш ён пераможа. Украіна паказвае, што Расія не мае сіл, каб перамагчы ў гэтай вайне, таму варта Украіне дапамагаць.
Украінскі наступу ў Курскай вобласці спрабуе змусіць расіян да перагрупоўкі войск, кажа Войцех Кананчук, дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў, каб адцягнуць праціўніка ад галоўнай лініі фронту.
- Яны хацелі б, каб расійскія сілы былі вымушаныя забраць рэзервы з тых участкаў фронту, у асноўным вакол Аўдзееўкі, дзе украінцы доўгі час маюць вялікія праблемы. Гэта дапамагло б стабілізаваць сітуацыю на найбольш складаных участках фронту. Украінцы хацелі б змусіць расіян перакідваць дадатковыя часці ў Курскую вобласць.
Гэтай мэты ўкраінцы пакуль не дамагліся. Расіяне не адмаўляюцца ад наступу на Данбасе. Акупанты працягваюць наступаць у Данецкай вобласці, прасоўваючыся ў бок у Пяшчанага, Сумнага, Мікалаеўкі ды Нью-Ёрку. З Пакроўска Данецкай вобласці кожны дзень эвакуіруюць сотні мірных жыхароў. Горад з'яўляецца аб'ектам расійскага наступу на Данбасе. Жаўнеры, якія ваююць на Пакроўскім напрамку, паведамляюць, што праціўнік спрабуе наступаць, але нясе вялікія страты.
У звязку са складанай сітуацыяй на Данбасе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да замежных партнёраў з просьбай хутчэй паставіць зброю ўкраінскім войскам. У апублікаваным у сацсетках выступе Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што ўкраінцы ваююць мужна, але ім патрэбна ваенная тэхніка.
- Што тычыцца аснашчэння нашых брыгад снарадамі ды зброяй, нам трэба паскараць пастаўкі ад нашых партнёраў. Вельмі просім. На вайне не бывае святаў. Патрэбныя рашэнні, патрэбна своечасовая лагістыка заяўленых пакетаў. У прыватнасці, я цяпер звяртаюся да ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі.
Зяленскі таксама, што ў планы УСУ ўваходзіць стварэнне буфернай зоны ў Курскай вобласці. Фактычна, гэта абвяшчэнне таго, што занятыя тэрыторыі ўкраінцы будуць імкнуцца ўтрымаць. Таксама гэта азначае, што наступ будзе працягвацца, і, верагодна, варта чакаць атакі на іншых участках мяжы Украіны і Курскай вобласці. Апроч таго, гэта сігнал памылковасці заяў пра тое, што Пуцін можа ваяваць вечна, што яму не варта супрацьстаяць.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч