Частка паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якія ваююць на баку Расіі, перакінутыя ў памежную з Украінай Белгародскую вобласць, паведаміў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на пачатку лістапада заявіў пра прысутнасць 11 тысяч вайскоўцаў, накіраваных Пхеньянам у Курскую вобласць Расіі, якая таксама мяжуе з Украінай.
У сваю чаргу намеснік кіраўніка ваеннай разведкі Украіны (ГУР) Вадзім Скібіцкі пацвердзіў перакідванне ў Расію артылерыйскіх сістэм і ракетных установак з КНДР. «Мы пацвярджаем тое, што гаворыцца ў СМІ аб перамяшчэнні тэхнікі. Перамешчаны артылерыйскія сістэмы і многія пускавыя ўстаноўкі ракет», — сказаў ён.
Ён дадаў, што ў Расіі няма боепрыпасаў калібру 170 мм, але ў Паўночнай Карэі яны ёсць. «Гэта дазволіць Расіі (...) атрымаць гэтыя боепрыпасы», — дадаў ён.
У ГУР Украіны адзначаюць, што ўдзел арміі КНДР у вайне на баку Расіі ўяўляе пагрозу для Украіны, Паўднёвай Карэі і Японіі, таму што «адны паўночнакарэйскія вайскоўцы загінуць ва Украіне, а іншыя вернуцца гатовымі да сучасных баявых дзеянняў і змогуць працаваць інструктарамі ў арміі КНДР», якая налічвае паўтара мільёна салдат.
Салдаты, накіраваныя на вайну Расіі супраць Украіны, «атрымліваюць баявы вопыт, якога няма ў Паўднёвай Карэі, Японіі ці Кітаі», адзначыў Скібіцкі.
IAR/вх