Polskie Radio

У Польшчы будуць вырабляць кампаненты для аўтамабіляў Формулы-1

Ostatnia aktualizacja: 29.09.2022 13:40
Для вытворчасці будзе выкарыстоўвацца запатэнтаванае тэхналагічнае рашэнне, распрацаванае сумесна з навукоўцамі з Палітэхнічнага універсітэту AGH.
Ілюстрацыйны здымакFoto: Autorstwa slitz from Portugal - IMG_2840.jpg, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=9516093

Завод «Hexjа» ў Асвенціме будзе вырабляць кампазітныя кампаненты для мотаспартыўных аўтамабіляў, у тым ліку Формулы-1. Ідуць апошнія падрыхтоўкі да запуску вытворчасці. Ён павінен стартаваць у пачатку кастрычніка.

Пётр Чуба, заснавальнік, уладальнік і кіраўнік «Hexja», растлумачыў, што вугляродны кампазіт, з якога зроблены дэталі аўтамабіля, з'яўляецца вельмі трывалым і лёгкім матэрыялам са смалы і вугляроднага валакна. Для вытворчасці будзе выкарыстоўвацца запатэнтаванае тэхналагічнае рашэнне на аснове нанатэхналогій, распрацаванае сумесна з навукоўцамі з Палітэхнічнага універсітэту AGH. Матэрыял цалкам пажараабяспечаны, адзначае Пётр Чуба:

- Гэта пакрыццё, якое наносіцца падчас або пасля ламінавання. На рынку ёсць і іншыя вогнетрывалыя пласты, але яны таксічныя. Нашы пакрыцця не таксічныя. Ёсць даступны матэрыял з вогнеўстойлівай смалой, але ён цяжкі, а ў аўтаспорце кожны грам на рахунку.

Выкарыстанне пакрыцця павышае бяспеку кіроўцы аўтамабіля. Пётр Чуба расказаў, што яго кампанія вырабляе розныя элементы транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў гонках у аўтаспорце:

- Напрыклад, задняе крыло падлогі, дыфузары, абцякальнікі, паветраныя каналы для астуджэння тармазных калодак, дзе тэмпература вельмі высокая і гэтыя дэталі трэба астуджаць, каб не перагрэліся. Мы таксама вырабляем такія элементы, як вечка рухавіка. На заводзе ў Асвенціме мы будзем вырабляць дэталі для аўтаспорту для наступных катэгорый: Формула -1, Формула -E, DTM, WRC, аўтаспорт Касл.

Кіраўнік «Hexja» спадзяецца, што ў будучыні завод будзе вырабляць элементы і для авіяцыйнай прамысловасці.

Біяграфія заснавальніка польскай кампаніі, якая атрымала прызнанне ў аўтамабілебудаванні, зʼяўляецца прыкладам так званай амерыканскай мары. Пётр Чуба, ураджэнец Польшчы, які ў 8-гадовым узросце эміграваў з бацькамі ў Канаду. Ён пачынаў сваю прафесійную карʼеру з распаўсюджвання газет і продажу варэнікаў, прыгатаваных яго маці. Затым ён развіваў сваё інжынернае захапленне і наладзіў супрацоўніцтва з вядучымі кампаніямі галіны – Ferrari F1 iToyota Motorsport.
Пётр Чуба падкрэслівае, што пачатак у Канадзе быў цяжкім, але праца і намаганні яго сфармавалі:

-Жыццё ад зарплаты да зарплаты – гэта быў для мяне вялікі ўрок пакоры, які прымусіў мяне яшчэ больш змагацца за свае мары. Мама была для мяне аўтарытэтам, яна паказала, што калі чалавек чагосьці вельмі хоча, ён гэта і будзе мець, але гэта звязана з цяжкай працай.

Прадпрымальнік падкрэсліў, што поспех ён дасягнуў дзякуй сваім хобі, папярэдняму вопыту ў мотагаліне і падтрымцы многіх людзей, у тым ліку сваёй сямʼі.

IAR/яс

Zobacz więcej na temat: Навука і тэхніка